2015-01-15 11:06:30

Святы Айцец прыбыў на Філіпіны


RealAudioMP3 15 студзеня 2015 г. папа Францішак пачаў другую частку свайго візіту ў Азію, якая адбудзецца на працягу трох бліжэйшых дзён на Філіпінах. Перад адлётам у гэту краіну, ён наведаў капліцу Маці Божай з Ланкі ў Балавалане, у 35 км ад Каломба. Капліца была пабудавана пры культурным цэнтры імя Бэнэдыкта XVI, заснаваным у 2011 г. з мэтай супрацоўніцтва з уладамі на карысць пераадолення наступстваў амаль трыццацігадовай грамадзянскай вайны, у якую была павергнута краіна. Папу прывітаў рэктар структуры. У капліцы, дзе Святы Айцец правёў некаторы час у маўклівай малітве, прысутнічалі каля 10 езуітаў, хор і некалькі мясцовых рыбакоў. На вуліцы Пантыфіка віталі каля 250 будаўнікаў, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні культурнага цэнтру. Пасля наведвання капліцы, Папа накіраваўся ў Міжнародны аэрапорт Каломба. Ён развітаўся з Прэзідэнтам краіны Майтрыпалам Сірысенам і каля 6.30 па беларускім часе выляцеў у Манілу. Пералёт заняў каля 6 гадзін. За гэты час Францішак пераадоліў 4567 км над тэрыторыяй Шры-Ланкі, Індыі, М’янмы, Тайланда, Камбоджы, В’етнама і Філіпін.

Каля 12.30 па беларускім часе самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся на аэрадроме вайсковай базы “Віламор” у Маніле. Тут Папу прывітаў Прэзідэнт краіны Бенігна Акіна ІІІ, прадстаўнікі свецкіх і рэлігійных уладаў. Улічваючы тое, што ў Філіпінах ўжо наступіў вечар, Святы Айцец адразу накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, дзе правядзе бліжэйшую ноч.

Актыўная частка падарожжа Святога Айца працягнецца 16 студзеня. У Маніле ён сустрэнецца з філіпінскімі сем’ямі і наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуну “Хаян”. У суботу, 17 студзеня, у горадзе Таклабан ён будзе цэлебраваць св. Імшу, паабедае з пацярпелымі ад тайфуну і благаславіць цэнтр для бедных, названы яго іменем. У нядзелю, 18 студзеня, у сталіцы Філіпінаў Пантыфік сустрэнецца з мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і моладдзю.








All the contents on this site are copyrighted ©.