2015-01-15 11:13:59

Папа наведаў будысцкі храм у Шры-Ланцы


RealAudioMP3 14 студзеня 2015 г. падчас свайго апостальскага падарожжа ў Шры-Ланку папа Францішак наведаў будысцкі храм у Каломба. Візіт не быў прадугледжаны ў афіцыйнай праграме і адбыўся па запрашэнні прадстаўніка адной з будысцкіх арганізацый, манаха Банагалы Упацісы. З ім Святы Айцец ужо меў магчымасць сустракацца раней, у рамках свайго падарожжа ў Шры-Ланку. У святыні Пантыфіку быў аказаны вельмі цёплы прыём. Папа меў магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй храму і яго асаблівасцямі. Спецыяльна з нагоды візіту высокага госця, на знак сяброўства і павагі да яго, манахі адкрылі ступу – адзін з сакральных аб’ектаў у будысцкім храме, у якім захоўваюцца рэліквіі – што здараецца вельмі рэдка. Падчас цэрымоніі адкрыцця рэліквіярыя яны праспявалі малітву, якую Францішак выслухаў у маўчанні. Каб падкрэсліць свае добрыя адносіны да католікаў, Банагала Упаціса выставіў у храме свой фотаздымак з Бэнэдыктам XVI, зроблены падчас адной з аўдыенцый у 2007 г.

Гэта быў не першы выпадак наведвання будысцкай святыні Рымскім Пантыфікам: у 1984 г. будысцкі храм у Бангкоку наведваў св. Ян Павел II.







All the contents on this site are copyrighted ©.