2015-01-15 12:48:45

Візіт Папы на Філіпіны пройдзе пад знакам сціпласці


RealAudioMP3 Мэта апостальскага падарожжа Францішка на Філіпіны – выказаць салідарнасць і спачуванне бедным і ахвярам прыродных катаклізмаў, таму ён адмовіўся ад дарагога прыёму, падзяліўся ў інтэрв'ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Тагле. “Гэта характэрная рыса папскіх візітаў. Тое самае было і ў Карэі. Карэйскія біскупы сказалі нам, філіпінскім, якія таксама прысутнічалі падчас таго візіту, што Папа не будзе задаволены эфектнай сустрэчай. Нават папскі алтар будзе сведчыць пра ўмеранасць і прастату, уласцівую Святому Айцу”, сказаў іерарх. На думку арцыбіскупа, філіпінцам, вельмі шчодрым ў выразе сваіх пачуццяў, будзе нялёгка стрымацца, але яны павінны будуць памятаць пра бедных і галодных, на дапамогу якім пойдуць сэканомленыя падчас папскага візіту сродкі.

“Штодзённымі тайфунамі і землятрусамі” назваў арцыбіскуп Манілы беднасць і карупцыю. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання прытулку для вулічных дзяцей, бацькі якіх у роспачы адпраўляюць іх на вуліцы ў надзеі, што яны трапяць у прытулак, дзе ў іх будзе ежа і дах над галавой.

У Маніле падчас сустрэчы з семьямі і моладззю папа Францішак пачуе гісторыі сем’яў, якія пазналі цяжкасці і выпрабаванні. Кардынал Тагле спадзяецца, што Святы Айцец не толькі выкажа ім сваю падтрымку, але і сам, дзякуючы гэтым бедным людзям, умацуецца ў веры. Гэта будзе сустрэча, поўная болю. Але ў хрысціянскай веры пасля пакут, заўсёды наступае ўваскрасенне, нагадаў арцыбіскуп Манілы.







All the contents on this site are copyrighted ©.