2015-01-14 13:50:17

Кс. Ламбардзі падзяліўся ўражаннямі ад візіту Папы ў Шры-Ланку


RealAudioMP3 Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы прызнаўся, што вельмі ўражаны цяплынёй прыёма, які жыхары Шры-Ланкі аказалі папе Францішку. Дарога з аэрапорта Каломба да горада склала каля 28 км і на працягу ўсяго маршрута Пантыфіка віталі людзі: каля 200-300 тыс. чалавек – не толькі католікі, якія ў Шры-Ланцы з’яўляюцца меншасцю, але таксама прадстаўнікі іншых рэлігій і канфесій, расказаў ён. Кс. Ламбардзі заўважыў, што ў Шры-Ланцы Каталіцкі Касцёл мае асаблівую ролю, бо сярод вернікаў ёсць як тамілы, так і сінгалы – прадстаўнікі народаў, якія яшчэ некалькі гадоў таму супрацьстаялі адно аднаму ў крывавай грамадзянскай вайне. Касцёл, такім чынам, выконвае ў краіне ролю “маста” і спрыяе прымірэнню, лічыць езуіт.

Кіраўнік Залы Друку распавёў, што падчас візіту ў Шры-Ланку Яна Паўла ІІ, не атрымалася арганізаваць міжрэлігійную сустрэчу. Прычына гэтага была ў тым, што будысты, якія складаюць 70% мясцовага насельніцтва, адмовіліся ў ёй удзельнічаць. Сёлета, аднак, у міжрэлігійнай сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 600 будыскіх манахаў. Некаторыя з іх прызнаваліся ў вялікай сімпатыі да папы Францішка і выказалі асабістае жаданне сустрэцца з ім.

Кс. Ламбардзі заўважыў, што падчас праезду Святога Айца па вуліцах Каломба, тут прысутнічала вялікая колькасць упрыгожаных сланоў. Некаторыя з іх пастаянна пражываюць на тэрыторыі будыскіх храмаў, падкрэсліў ён.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду выказаў перакананасць, што візіт Пантыфіка ў Шры-Ланку прынясе свае плёны: “не толькі ў гэтыя дні, але і на працягу гадоў і не толькі для Касцёла, але і для ўсяго грамадства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.