Раніцай 13 студзеня
2015 г. папа Францішак прыляцеў у першы пункт свайго “азіяцкага” падарожжа – самы
буйны горад Шры-Ланкі, Каломба. Пералёт заняў каля 10 гадзін, за якія Пантыфік пераадоліў
7630 км. Праз поўгадзіны пасля вылету з рымскага аэрапорта “Фьюмічына” ён прывітаў
журналістаў, якія яго суправаджалі. Папа сам прайшоў уздоўж салона, асабіста вітаючы
кожнага прысутнага прадстаўніка СМІ, у той час як раней, звычайна журналісты падыходзілі
да Пантыфіка, заўважыў у сваім каментары кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы
кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Пасля прызямлення ў міжнародным аэрапорце ў Каломба, калі
Святы Айцец сышоў з трапу самалёта, двое дзяцей урычылі яму кветачную герлянду бела-жоўтых
колераў, а група моладзі выканала традыцыйныя танцы. Папу асабіста прывітаў Прэзідэнт
Шры-Ланкі Майтрыпала Сірысен. Яго прамова была сардэчнай, але карацейшай за звычайныя
прэзідэнскія прывітальныя звароты. Ён падкрэсліў, што быў абраны на пост кіраўніка
дзяржавы зусім нядаўна і вельмі рады пачаць сваю кадэнцыю з прыняцця Пантыфіка. Ён
выказаў радасць з прычыны таго, што Францішак вырашыў пачаць свой візіт у Азію са
Шры-Ланкі.