2015-01-12 12:45:56

Папа да дыпламатаў пра важнасць перамогі над ментальнасцю адмаўлення і культурай варожасці


RealAudioMP3 Тэма міру была ў цэнтры доўгай прамовы папы Францішка скіраванай да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. 12 студзеня 2015 г. Святы Айцец прыняў дыпламатаў на аўдыенцыі, якая па традыцыі, штогадова праходзіць хутка пасля святаў Божага нараджэння. Выява бэтлеемскай стаенкі “акрамя міру апавядае пра іншую драматычную рэальнасць – адмаўленне”. Менавіта таму на некаторых заходніх і ўсходніх іконах – як напрыклад “Нараджэнні Хрыста” Андрэя Рублёва – Дзіцятка Езус намаляваны пакладзеным не ў яслі, а ў магілу, заўважыў Папа. Гэта паказвае, што “побач з радасным прыняццем новага нараджэння” тут прысутнічае “уся драма, аб’ектам якой з’яўляецца Езус, пагарджаны і занядбаны аж да крыжовай смерці”. Францішак адзначыў, што апавяданні пра нараджэнне Хрыста кажуць таксама пра “зацвярдзелае сэрца чалавецтва”, якому цяжка прыняць Дзіцятка. Таксама і сёння “існуе ідал адмаўлення, які нас аб’ядноўвае, схіляе не глядзець на бліжняга, як на брата, якога трэба прыняць”. Паводле Папы, гаворка ідзе пра “ментальнасць, што нараджае культуру адходаў, якая не шкадуе нічога і нікога” і прыводзіць да “насілля і смерці”. Праз яе чалавецтва становіцца параненым і падвергнутым напружанасцям і канфліктам рознага кшталту. Пацвярджэннем гэтага, на яго думку, з’яўляюцца штодзённыя навіны, як напрыкад аб нядаўнім тэракцэ ў Парыжы. Праводзячы паралель з забойствам бэтлеемскіх немаўлят у часы Ірада, Францішак нагадаў пра жудасную бойню ў Пакістане, падчас якой, каля месяцу таму, з “неслыханай лютасцю” былі забіты больш за сотню дзяцей.

“З болем заўважаем драматычныя наступствы гэтай ментальнасці адмаўлення і “культуры варожасці” у канфліктах, якія пастаянна распаўсюджваюцца. Як праўдзівая і сапраўдная сусветная вайна па частках, яны закранаюць, нават калі ў розных формах і з рознай сілай, разнастайныя зоны планеты, пачынаючы ад блізкай Украіны, якая стала драматычным тэатрам сутыкнення і якой я жадаю, каб праз дыялог, існуючыя сілы кансалідаваліся дзеля спынення ваенных дзеянняў, а ўключаныя бакі, як мага хутчэй паўсталі – у абноўленым духу павагі да міжнароднай законнасці, – на шчыры шлях узаемнага даверу і братэрскага прымірэння, які дазволіць пераадоліць цяперашні крызіс”, сказаў Папа.

Францішак выказаў спадзяванне на перамовы паміж Ізраілем і Палестынай, дзеля спынення насілля і дасягнення рашэння, якое дазволіць палестынскаму і ізраільскаму народам нарэшце жыць у міры, у рамках межаў ясна ўстаноўленых і прызнаных міжнароднай супольнасцю, каб “рашэнне аб двух дзяржавах” стала эфектыўным.

Гаворачы пра сітуацыю ў Іраку і Сірыі, Святы Айцец пахіліўся над праблемай рэлігійнага фундаменталізму. “Гэты феномен з’яўляецца наступствам культуры адходаў, прымененай у адносінах да Бога”, сказаў ён. Рэлігійны фундаменталізм “першы чым пераўтвараць у адходы людзей, праз здзяйсненне страшэнных бойняў, адмаўляе самаго Бога, робячы Яго толькі падставай для ідэалогіі”. Перад абліччам “несправядлівай агрэсіі, якая закранае хрысціян і іншыя этнічныя і рэлігійныя групы, неабходны адзінадушны адказ, які ў рамках міжнароднага права, спыніць пашырэнне насілля, адновіць згоду і залечыць глыбокія раны, якія справакавала развіццё канфлікту”, сказаў Папа. Францішак чарговы раз звярнуўся да рэлігійных, палітычных і інтэлектуальных лідэраў, асабліва мусульманскіх, з заклікам аб асуджэнні любых фундаменталіскіх і экстрэміскіх інтэрпрытацый рэлігіі, мэта якіх у апраўданні насілля.

Святы Айцец асудзіў войны, выкраданні людзей і гандль ім, асабліва ў афрыканскіх краінах. Ён звярнуў увагу, на тое, што падчас ваенных канфліктаў ад гвалтаванняў пакутуюць шматлікія жанчыны. Гаворка ідзе пра “цяжэйшае парушэнне жаночай годнасці”, якое тычыцца не толькі цела, але і душы, наносячы траўму, наступствы якой можна пераадоліць з вялікімі цяжкасцямі. Нажаль, заўважыў Папа, жанчыны сёння падвяргаюцца гвалтаванню не толькі ў месцах дзе вядуцца войны.

Ад наступстваў культуры адходаў пакутуюць таксама “сучасныя пракажонныя” – ахвяры эпідэміі Эбола ў Ліберыі, Сьера-Леонэ і Гвінеі, адзначыў Пантыфік. Францішак нагадаў таксама пра праблемы мігрантаў і бежанцаў. Міжземнае мора не можа быць “вялікімі могілкамі”, а “драма адмаўлення”, з якой сустракаюцца мігранты, заклікае да “змены адносінаў да іх, ад абыякавасці і страху да шчырага прыняцця”, сказаў Папа. Ён заклікаў змагацца, у першую чаргу, з прычынамі, якія прымушаюць людзей пакідаць родныя краіны.

Святы Айцец асудзіў злоўжыванні ў сферы працы: як яе адсутнасць так і рабства, а таксама індывідуалістычную культуру накіраваную супраць інстытута сям’і.

Гаворачы пра пазітыўныя аспекты, Пантыфік падзякаваў Богу за дары, сустрэчы, дыялогі і асабліва за некаторыя “плёны міру”, сярод якіх узгадаў пра пагадненні заключаныя паміж ЗША і Кубай, а таксама пра рашэнне амерыканскіх уладаў канчаткова закрыць турму Гуантанама.

У апошняй частцы сваёй прамовы Францішак нагадаў, што сёлета будзе адзначацца 70-годдзе дзейнасці ААН, а таксама пажадаў, каб дасягненне міру было ў цэнтры ўвагі пры запланаваным на 2015 г. рэдагаванні праграмнага плану дзеянняў па дасягненні ўстойлівага развіцця і распрацоўцы Пагадення аб клімаце.








All the contents on this site are copyrighted ©.