2015-01-11 14:28:42

Францішак даў інтэрв’ю італьянскім ватыканістам


RealAudioMP3 “Увага да бедных прысутнічае ў Евангеллі і традыцыі Касцёла – яна не з’яўляецца вынаходствам камунізму і не трэба яе ідэалагізіраваць”, сцвердзіў папа Францішак у інтэрв’ю каардынатару партала “Vatican Insider” Андрэа Тарніэлі і ватыканісту італьянскай “La Stampa” Джакама Галеацы. Размова з Пантыфікам завяршае кнігу гэтых журналістаў пад назвай “Папа Францішак. Гэта эканоміка забівае”, прысвечаную сацыяльнаму навучанню Святога Айца. Яна з’явіцца на паліцах італьянскіх крамаў 13 студзеня 2015 г. Размаўляючы з журналістамі пра ўвагу Касцёла да бедных, Папа падкрэсліў яе старадаўнюю традыцыю. “Увага, якае мае свае карані ў Евангеллі – задакументавана ўжо ў першых стагодзях хрысціянства”: дастаткова пачытаць першых Айцоў Касцёла. Іх гаміліі – лічыць Францішак, – нельга назваць “марксісцкімі”, таму што калі “Касцёл заклікае перамагчы “глабалізацыю абыякавасці”, ён далёкі ад якіх-небудзь палітычных інтарэсаў ці якой-небудзь ідэалогіі. Гэта “вынікае выключна са словаў Езуса”.

На думку Святога Айца, аборты з’яўляюцца вынікам пашырэння “культуры адходаў” – адмаўленне ўсяго таго, што не прыносіць карысці, у тым ліку дзяцей, моладзі, пажылых людзей.

Папа падкрэсліў, што не асуджае багацці, але ідалапаклонства перад грашыма.
Ён перакананы, што для таго, каб аздаравіць свет, неабходна вырашыць праблему беднасці. Важна паставіць у цэнтр усяго не грошы, а чалавечую асобу і яе дабро, сказаў ён. Неабходны “праграмы, механізмы і працэсы скіраваныя на паляпшэнне размеркавання рэсурсаў, стварэння працы, інтэгральнай падтрымкі маргіналізаваных”. Францішак лічыць, што для ўсяго гэтага неабходны людзі з “узнятым да Бога ў малітве рукамі”. Гэтыя людзі, – на яго думку – павінны дзейнічаць на ўсіх узроўнях – сацыяльным, палітычным, інстытуцыянальным і эканамічным.








All the contents on this site are copyrighted ©.