Папа Францішак склікае
ў Ватыкане канферэнцыю, прысвечанаую землятрусу, які адбыўся на Гаіці 5 гадоў таму.
Канферэнцыя, арганізаваная Папскай радай “Cor Unum” і Папскай камісіяй па справах
Лацінскай Амерыкі, адбудзецца 10 студзеня 2015 г. Яе мэта – прыцягнуць увагу да краіны,
якая працягвае пакутаваць ад наступстваў катастрофы, а таксама пацвердзіць блізкасць
Касцёла да народа Гаіці. У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Святога Пасада,
Касцёла на Гаіці, некаторыя біскупы, прадстаўнікі каталіцкіх арганізацый, манаскіх
кангрэгацый, а таксама дыпламаты, акрэдытаваныя пры Апостальскай Сталіцы. Пасля прывітальнага
слова кардынала Марка Уэлле, старшыні Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі,
і даклада кардынала Рабера Сара, былога старшыні Папскай рады “Cor Unum” першая частка
канферэнцыі будзе прысвечана праблемам матэрыяльнай рэканструкцыі і духоўнага адраджэння
Гаіці. У 11.30 папа Францішак дасць дэлегатам канферэнцыі аўдыенцыю ў Апостальскім
палацы. Другая палова дня будзе прысвечана абмену досведам у галіне міжнароднага супрацоўніцтва,
а таксама абмеркаванню праблем, прыярытэтаў і перспектыў будучай дзейнасці. Канферэнцыя
завершыцца Эўхарыстыяй, якую ўзначаліць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.
Трэба
нагадаць, што ў студзені 2010 г. у выніку магутнага землятрусу на Гаіці загінула каля
230 тыс. чалавек, каля 3 млн. засталіся без даху над галавой. Была разбурана сталіца
Гаіці, г. Порт-а-Прэнс, значная частка інфраструктуры, будынкаў, а таксама ўсе лякарні
краіны.