2015-01-08 15:17:25

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю езідскіх лідэраў


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі 8 студзеня 2015 г. дэлегацыю супольнасці езідаў, якую ўзначалілі яе лідэр Тахсін Саід Алі Бег і найвышэйшы духоўны кіраўнік гэтай этнаканфесійнай групы Шэйх Като. Абодва прыбылі ў Ватыкан з іракскага Курдыстана. У склад дэлегацыі ўваходзілі таксама езідскія лідэры з Паўночнага Іраку, Грузіі і дыяспары ў Германіі. Яны падзякавалі Святому Айцу – якога назвалі “айцом бедных” – за падтрымку езідаў у час пераследу і пакут, а таксама паінфармавалі аб стане амаль 5 тыс. жанчын, прымушаных да рабства баевікамі “Ісламскай дзяржавы”. Падчас сустрэчы падкрэсліваліся добрыя адносіны паміж езідамі і хрысціянамі і салідарнасць паміж імі, распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Паводле кс. Ламбардзі, Пантыфік запэўніў сваіх гасцей у духоўнай блізкасці і падтрымцы ў час выпрабаванняў, жадаючы, каб як мага хутчэй магла ўсталявацца справядлівасць і былі створаны ўмовы для свабоднага і мірнага жыцця езідаў, і іншых меншасцяў, што сталі аб’ектамі дыскрымінацыі і насілля. Сустрэча працягвалася каля 30 хвілін і праходзіла ў прыватнай бібліятэцы Пантыфіка ў Апостальскім палацы.








All the contents on this site are copyrighted ©.