2015-01-08 11:27:58

Папа маліўся за ахвяр тэракту ў Парыжы


RealAudioMP3 Папа Францішак маліўся за ахвяр тэракту ў Парыжы, дзе ў выніку нападу на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка “Charlie Hebdo” загінулі 12 чалавек і 11 атрымалі раненні. 8 студзеня 2015 г. y пачатку ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты, Пантыфік звярнуўся да вернікаў з заклікам аб малітве за ахвяраў і навяртанні забойцаў. “Учарашні напад у Парыжы прымушае задумацца аб распаўсюджанай лютасці, чалавечай лютасці, аб тэрарызме, як ізаляваным, так і дзяржаўным. На якую ж жорсткасць здольны чалавек! Молімся падчас гэтай св. Імшы за шматлікіх ахвяраў гэтай лютасці! Будзем маліцца таксама за саміх бязлітасных асоб, каб Пан змяніў іх сэрцы”, - сказаў Папа. Святы Айцец скіраваў таксама спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Парыжа кардынала Андрэ Вэн-Труа, у якой запэўніў у сваё малітоўнай падтрымцы сем’яў ахвяраў тэракту і ўсяго французскага народа.

Адразу пасля трагічнага здарэння, якое мела месца 7 студзеня 2015 г., кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы выказаў “самае рашучае асужэнне” з боку папы Францішка гэтага жудаснага злачынства. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі нагадаў пазіцыю Святога Айца, які заклікаў любымі сродкамі супрацьстаяць пашырэнню нянавісці і любых форм насілля, як фізічнага так і маральнага, якое знішчае чалавечае жыццё, парушае годнасць асобы, пагражае мірнаму суіснаванню паміж людзьмі і народамі, незалежна ад іх нацыянальных, рэлігійных і культурных адметнасцяў. Святар падкрэсліў, што “незалежна ад матывацыі, забойчае насілле з’яўляецца жахлівым і ніколі не можа быць апраўдана”.








All the contents on this site are copyrighted ©.