Беларусь: сёстры Маці Тэрэзы больш за 20 гадоў дапамагаюць самым бедным
Адзіныя ў Беларусі
прадстаўніцы Кангрэгацыі сясцёр місіянерак любові – больш вядомыя як сёстры Маці Тэрэзы
з Калькуты – служаць у Гомелі. Законніцы з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці,
у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 гадоў і займаюцца многімі справамі,
за якія мала хто хацеў брацца. Дом служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і
жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі,
лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Пасля
таго, як чалавек цвёрда стаў на ногі, ён выходзіць з Дому міласэрнасці і пачынае новае
жыццё. Многія “выпускнікі” сясцёр – цяпер сталыя парафіяне касцёла. Дарэчы, менавіта
на базе Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы некалі пачала працаваць першая ў Гомелі
група “Ананімных алкаголікаў”, праз якую рэабілітаваліся ўжо дзесяткі людзей.
Цяпер,
у зімовы час, Дом міласэрнасці таксама служыць начлежкай для некалькіх бяздомных.
Яшчэ місіянеркі раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем’яў і адзінокіх старых,
працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. І амаль кожны дзень сёстры
рыхтуюць гарачыя абеды для дзесяткаў бедных і бяздомных. Адзінае правіла для наведвальнікаў
– прыйсці ў Дом міласэрнасці цвярозым.
Вось і 7 студзеня, калі праваслаўныя
адзначаюць Нараджэнне Хрыстова, сёстры зладзілі святочны абед для бедных і бяздомных,
бо большасць з іх – праваслаўныя. У гэты марозны дзень Дом міласэрнасці наведалі рэкордная
колькасць маючых патрэбу людзей – больш за 130 чалавек. Кожны атрымаў порцыю з гарачай
стравай – курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату, гарбату. Хапіла на ўсіх. На
выхадзе наведвальнікам далі калядныя падарункі: садавіну і цукеркі.
Беларуская
рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з 48-гадовым былым бяздомным Мікалаем, які
ўжо каля году жыве ў Доме міласэрнасці, дзе пачалося яго новае жыццё: “Спярша я прыходзіў
сюды проста на абед, а пазней сёстры мяне прынялі ў Дом міласэрнасці. Дапамаглі аднавіць
дакументы, знайсці сябе, прывялі мяне да Бога. Раней я верыў у Яго толькі на словах,
але тут я навучыўся сапраўды верыць Яму, верыць Богу. Сёстры нікога не адштурхоўваюць,
яны коряць, апранаюць, надаюць асаблівую ўвагу бяздомным. Дзякуй ім вялікі, што яны
ёсць!”, - сказаў былы бяздомны.
І такіх як Мікалай – ужо вельмі шмат, многія
праз сясцёр Маці Тэрэзы ператварыліся з бяздомных алкаголікаў у паспяховых людзей
з добрай працай і сям’ёй. І яны ніколі не забываюць пра Дом міласэрнасці, збіраюцца
тут на святы, дзеляцца сваім вопытам з тымі, хто толькі пачынае свой шлях да новага
жыцця.
Дарэчы, парафіяне гомельскага касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці
карміць бяздомных, прыходзячы на працу ў сталовую. І ўсё гэта – простыя, але так патрэбныя
для гэтых людзей рэчы: раздаць ежу, памыць посуд, прынесці ім вопратку ці абутак.