2015-01-07 11:15:14

Пра “мацярынскае мучаніцтва”


RealAudioMP3 7 студзеня папа Францішак правёў першую ў новым 2015 годзе агульную аўдыенцыю, падчас якой працягнуў цыкл катэхез пра сям’ю. Ён засяродзіўся над роляй маці і нагадаў пра дасканалы прыклад Марыі – Маці Езуса, на які літургія асабліва часта звяртае увагу ў перыяд Божага Нараджэння. “Кожная чалавечая асоба абавязана жыццём сваёй маці, і амаль заўсёды абавязана ёй сваім далейшым існаваннем, чалавечым і духоўным выхаваннем. Маці, аднак, будучы вельмі ўзвышанай з сімвалічнага пункту гледжання – шмат паэзіі, шмат цудоўных рэчаў гаворыцца аб маці – бывае недастаткова выслуханай і падтрыманай у штодзённым жыцці, бывае недастаткова ацэнена яе цэнтральнае месца ў грамадстве. Больш за тое, гатоўнасцю маці ахвяраваць сабой на карысць уласных дзяцей часта карыстаюцца, каб “эканоміць” на сацыяльных выдатках”, - сказаў Папа. Паводле Францішка, існуе патрэба ў большым усведамленні “штодзённай барацьбы”, якую маці вядуць, каб быць паспяховымі на працы і ўважлівымі і любячымі ў сям’і.

“Мацярынства з’яўляецца самым моцным проціяддзем супраць пашырэння эгаістычнага індывідуалізму. “Індывід” азначае “непадзельны”. Маці, аднак “паздзяляюцца”, пачынаючы з таго моманту, калі становяцца прытулкам для дзіцяці, каб даць яго свету і дапамагчы яму вырасці. Менавіта яны, маці, больш за ўсё ненавідзяць вайну, якая забівае іх дзяцей. Я часта думаю пра тых маці, якія атрымалі ліст са словамі: “Паведамляю, што Ваш сын загінуў баронячы радзіму...”. Бедныя жанчыны. Як пакутуюць маці! Яны з’яўляюцца сведкамі прыгажосці жыцця”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў пра існаванне “мацярынскага мучаніцтва”, аб якім казаў Слуга Божы арцыбіскуп Оскар Рамэра. “Даць жыццё, не азначае быць забітым”, але азначае даваць яго “у маўчанні, малітве, у годным выкананні абавязкаў, у цішыні штодзённага жыцця”, як гэта робіць маці, якая “без страху, з прастатой мацярынскага мучаніцтва, зачынае ва ўлонні дзіця, дае яго свету, корміць яго, дапамагае яму расці і даглядае за ім”, нагадаў Папа словы сальвадорскага іерарха. Быць маці – не азначае толькі нарадзіць дзіця, гэта жыццёвы выбар, які заключаецца ў тым, каб даваць жыццё, перакананы Пантыфік.

“Грамадства без маці было б негуманным, таму што маці здольныя заўсёды сведчыць, таксама і ў горшыя моманты, аб пяшчоце, самаадданасці, маральнай сіле. Маці часта перадаюць таксама і самы глыбокі сэнс рэлігійных практык: у першыя малітвы, у першыя жэсты пабожнасці, якім вучыцца дзіця, упісана каштоўнасць веры ў жыцці чалавека. Гэта пасланне веруючыя маці здольныя перадаваць нават без шматлікіх тлумачэнняў – яны прыйдуць пазней, але зерне веры, знаходзіцца ў гэтых першых, найкаштоўнейшых момантах. Без маці, не толькі не было б новых вернікаў, але і вера згубіла б добрую частку свайго простага і глыбокага цяпла”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне аўдыенцыі, Папа асаблівым чынам прывітаў моладзь, хворых і маладых сужонкаў і пажадаў першым быць сведкамі святла Хрыстовага, тым, хто хварэе – мужна перажываць у гэтым святле свой боль, а тым, хто нядаўна стварыў сям’ю – быць знакам прысутнасці Бога праз сваю верную любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.