Арцыбіскуп Палья: там, дзе распадаецца сям’я, нішчыцца гуманізм
Касцёлу зусім не чужыя
такія самыя важныя чалавечыя паняцці, як сужэнства і сямейнае жыццё, напісаў на старонках
“L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах
сям’і. Ён падкрэсліў, што Касцёл сёння з’яўляецца, магчыма, адзіным інстытутам, настолькі
блізкім да сямейных пачуццяў і саюзаў. Тым не менш, касцёльная мова, здаецца сучаснаму
чалавеку занадта схематычнай і недастатковай, а яе зразуменне і прыняцце робяць яшчэ
больш цяжкімі скажэнні з боку СМІ і прадузятасць секулярызаванай грамадскай думкі.
Таму трэба распрацаваць новы спосаб камунікацыі, які выключыць паўтарэнне абстрактных
тэалагічных формул. Гэта асабліва актуальна ў культуры гэтага свету, што не спрыяе
сям’і, якая ўжо не відавочная сама па сабе, як гэта было ў папярэдніх эпохах.
Кіраўнік
ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што Хрыстус у Евангеллі неаднаразова пацвердзіў запавет
Бога з мужчынам і жанчынай, заключаны падчас стварэння. Іх саюз з самага пачатку носіць
сакральны характар, яшчэ перш чым ён стаў сакрамэнтам Касцёла, і з’яўляецца прынцыпам
гуманізацыі свету. Яго прызнанне і абарона з’яўляецца святым абавязкам кожнага народа
і кожнай рэлігіі. Сусветная гісторыя заснавана на гэтым запавеце паміж Богам і мужчынам
і жанчынай, і там, дзе ён распадаецца, гуманізм тармазіцца.
Арцыбіскуп Палья
заклікаў да паглыблення катэхізацыі тых, хто рыхтуецца да шлюбу. Яна не можа абмяжоўвацца
да некалькіх сустрэч. Ён таксама падкрэсліў важнасць узаемадапаўняльнасці паміж мужам
і жонкай. “Мужчына без жанчыны ведае занадта мала пра тое, што чалавечае, гэтак жа,
як жанчына без мужчыны”, - напісаў старшыня Папскай рады па справах сям’і.