2015-01-03 11:57:26

Філіпіны і Шры-Ланка перад візітам папы Францішка


RealAudioMP3 Менш чым за два тыдні да прыбыцця папы Францішка, на Філіпінах і Шры-Ланцы змагаюцца з наступствамі стыхійных бедстваў. Філіпіны пацярпелі ад трапічнага шторму “Jangmi”. Ён прайшоў з паводкамі і апоўзнямі. Загінулі па меншай меры 54 чалавекі, а 80 тыс. засталіся без даху над галавой. Нанесены таксама сур’ёзны ўрон сельскай гаспадарцы. Ападкі спустошылі рысавыя і кукурузныя плантацыі. Трэба адзначыць, што на Філіпінах кожны год праходзіць каля 20 трапічных штормаў. На гэты раз, аднак, папярэджанні метэаролагаў многімі былі праігнараваны. Шматлікія ахвяры прынёс таксама абвал гары над горадам Катбалаган. Загінула 19 чалавек.

У Шры-Ланцы, з якой Папа пачне свой азіяцкі візіт 13 студзеня 2015 г., ідуць праліўныя дажджы. Загінулі па меншай меры 39 чалавек. Амаль 5 тыс. дамоў былі цалкам разбураны, і яшчэ 15 тыс. сур’ёзна пашкоджаны. Былі эвакуіраваны 115 тыс. асоб.

Арганізатары папскага падарожжа не прадугледжваюць, што стыхійныя бедствы акажуць уплыў на яго ход. Касцёл у Шры-Ланцы, больш чым паводак, асцерагаецца хваляванняў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яны будуць праходзіць за пяць дзён перад візітам Францішка. Як адзначыў мясцовы біскуп Ёзэф Поніах, у Шры-Ланцы да гэтага часу не зажылі раны грамадзянскай вайны з “Тамільскімі тыграмі”, якая доўжылася больш за 30 гадоў. Таму ад Папы ўсе чакаюць паслання міру.

“Усе мы спадзяемся, што Пантыфік прынясе пазітыўны сігнал для прымірэння, у якім Шры-Ланка мае патрэбу ўжо на працягу больш за 30 гадоў. Людзі праз гэты час моцна пацярпелі. Яны не хочуць больш так жыць. Патрэбныя змены. Яны павінны пазбавіцца нянавісці і смагі насілля. Мы спадзяемся, што візіт Папы ўнясе новую атмасферу і, што Францішак пакіне пасланне міру для ўсіх людзей Шры-Ланкі”, - сказаў ланкійскі іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.