2015-01-03 12:49:43

Апостальская Сталіца: ЗША і Расія не зрабілі нічога канкрэтнага для абароны хрысціян


RealAudioMP3 Святы Пасад лічыць, што ні ЗША, ні Расія да гэтага часу не зрабілі “ніякіх канкрэтных крокаў” для абароны пераследаваных хрысціян у Сірыі і Іраку. Пакуль усё адбываецца на ўзроўні заяваў. Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, сказаў 2 студзеня 2014 г., што гандаль зброяй і барацьба за ўплыў з’яўляюцца вялікай перашкодай у пабудове міру. Ён адзначыў, што, хоць у апошнія месяцы была праведзена вялікая гуманітарная праца, аднак, удзел свету ў вырашэнні канфліктаў на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы з’яўляецца недастатковым. “Калі не будзе палітычнай волі, каб сапраўды гэта змяніць, і бягучы год стане драматычным”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

“Як хрысціяне, мы заўсёды спадзяемся на будучыню. Тым не менш, мы сутыкаемся з адсутнасцю палітычнай волі, калі справа даходзіць да жадання ўрэгуляваць сітуацыю насілля, якая назіраецца ў розных частках свету, мацней за ўсё на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі. Ён перакананы, што сёння пануе логіка, паводле якой цяжкасці і праблемы вырашаюцца з дапамогай новых канфліктаў. У той час, як ёсць іншыя метады: напрыклад, узаемны давер, калі людзі розных палітычных поглядаў і розных рэлігій прыкладаюць сумесныя намаганні на шляху ўзаемаразумення, стрымлівання зла і садзейнічання агульнаму дабру. Паводле іерарха, гэта мэта, да якой трэба імкнуцца ў гэтым годзе. І рэалізаваць яе можна будзе, калі свет адмовіцца ад гандлю зброяй і ад усіх відаў асабістых інтарэсаў, паставіўшы ў цэнтр карысць кожнага чалавека і яго законныя жаданні.

Святы Пасад у нейкай ступені з’яўляецца голасам сумлення ў міжнародным кантэксце. Ён не мае ніякай эканамічнай або ваеннай моцы. Таму спецыфіка папскай дыпламатыі як раз і палягае на тым, каб нагадваць, што самымі важнымі каштоўнасцямі для агульнай будучыні чалавечай сям’і з’яўляюцца: мір, узаемная павага і салідарнасць з тымі, хто жыве ў нястачы, падкрэсліў арцыбіскуп Тамазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.