2015-01-02 14:12:12

Візіт Пантыфіка на Шры-Ланку ўзмоцніць міжрэлігійныя сувязі


RealAudioMP3 Хрысціяне Шры-Ланкі з нецярпеннем чакаюць Святога Айца, які 13-15 студзеня наведае востраў з трохдзённым візітам. Апостальскае падарожжа Пантыфіка ў гэтую краіну адбудзецца ўсяго праз пяць дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў. У сувязі з гэтым каталіцкія лідары Шры-Ланкі звярнуліся з просьбай не палітызаваць візіт Папы і не распальваць канфлікты ў краіне. Арцыбіскуп Каломба кардынал Малькольм Ранджыт заклікаў прэзідэнта краіны і апазіцыю прадухіліць насілле і даць людзям магчымасць мірнага волевыяўлення. 18 снежня два галоўных кандыдаты ў прэзідэнты запэўнілі Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Шры-Ланкі ў тым, што іх перадвыбарчыя кампаніі пройдуць мірна і без інцыдэнтаў. Улады Шры-Ланкі рыхтуюцца да сустрэчы з Пантыфікам, прадпрымаючы меры бяспекі ў сталіцы і іншых месцах, якія ён наведае.

Большасць насельніцтва Шры-Ланкі вызнае будызм. Каталіцкая меншасць імкнецца жыць у гармоніі з вызнаўцамі іншых рэлігій. Наведванне краіны Рымскім Пантыфікам можа мець вялікае значэнне ў паслабленні напружаных адносін паміж рознымі супольнасцямі і ўзмацненні міжрэлігійных сувязяў. Плануецца, што ў сустрэчы з Францішкам прымуць удзел будысцкія манахі, індуісцкае і мусульманскае духавенства і таксама лідэры іншых хрысціянскіх супольнасцяў. Акрамя таго, візіт Папы можа дапамагчы краіне загаіць раны нядаўняй вайны ўрада Шры-Ланкі з “Тамільскімі тыграмі”, выказаў спадзяванне кардынал Ранджыт.










All the contents on this site are copyrighted ©.