Відэазварот Папы да бразільцаў: Бог жыве ў Рыа-дэ-Жанейра
Папа Францішак даслаў
бразільскаму народу відэазварот, у якім павіншаваў з Новым Годам і 450-годдзем заснавання
горада Рыа-дэ-Жанейра. Падчас трансляцыі паслання Пантыфіка, незадоўга да апоўначы
31 снежня 2014 г., была запалена новая сістэма асвятлення сусветнавядомай статуі Хрыста,
якая ўзвышаецца над горадам. Святы Айцец прывітаў жыхароў Рыа-дэ-Жанейра, якія з распасцёртымі
абдымкамі прынялі яго на сваёй зямлі падчас Сусветнага дня моладзі – 2013 г.
Пантыфік
нагадаў, што 450 гадоў – шаноўны ўзрост, які сведчыць пра ганаровую гісторыю адважнага
і жыццярадаснага народа, які па прыкладзе свайго святога патрона, рымскага мучаніка
Себасцьяна, не паддаецца цяжкасцям, пра гісторыю горада, якому заўсёды была ўласцівая
вера. “Калі б мы маглі зірнуць ўніз з вышыні статуі Хрыста, што паўстала б перад нашым
позіркам?” – запытаў Францішак і сам адказаў на гэтае пытанне: бясспрэчна, прыроднае
хараство “дзіўнага горада”. Аднак таксама і супярэчнасці, якія “брудзяць гэтае хараство”.
Кантрасты, сацыяльная няроўнасць, багацце і галеча, несправядлівасць, насілле. “Але
давайце не будзем губляць надзеі! Бог жыве ў гэтым горадзе!” – двойчы паўтарыў Папа
і дадаў, што “Езус ведае пра патрэбы і пакуты тых, хто жыве на зямлі”. Яго распасцёртыя
для абдымкаў рукі запрашаюць пераадолець кантрасты і будаваць горад салідарнасці,
справядлівасці і спакою.
Папа параіў бразільцам ісці па шляху канструктыўнага
дыялогу. “Паміж эгаістычнай абыякавасцю і жорсткім, гвалтоўным пратэстам заўсёды ёсць
яшчэ адна магчымасць – дыялог”, - падкрысліў ён. На думку Францішка, кожны чалавек,
незалежна ад узроўню адукацыі ці прыбытка, можа зрабіць свой унёсак у будаванне справядлівай
і братэрскай цывілізацыі.