Францішак на Дзень хворых: жыццё хворага чалавека вартае таго, каб быць пражыта
З нагоды 23-га Сусветнага
дня хворых, які будзе адзначацца 11 лютага 2015 г., папа Францішак звярнуўся да ўсіх
абцяжараных хваробамі людзей, а таксама да прафесіяналаў і валанцёраў у галіне аховы
здароўя. Сёлетняя тэма Сусветнага дня хворых запрашае нас задумацца над фразай з кнігі
Ёва: “Я быў вачыма сляпому і нагамі кульгаваму” (Ёв 29,15). Словы Ёва сведчаць аб
дапамозе, якую гэты справядлівы чалавек, што карыстаўся павагай у сваім горадзе, аказваў
бедным, сіротам і ўдовам. У сваім пасланні Святы Айцец разглядае гэту фразу з пункту
гледжання “sapientia cordis” – мудрасці сэрца. На яго думку, гэта мудрасць – не тэарэтычныя,
абстрактныя веды, а практычнае служэнне братам і сёстрам, якія пакутуюць.
І
ў наш час многія хрысціяне дапамагаюць хворым, якія патрабуюць пастаяннага клопату,
гаворыцца ў пасланні Папы. З часам гэта дапамога можа стаміць і абцяжарыць. Адносна
лёгка дапамагаць чалавеку цягам некалькіх дзён, значна цяжэй клапаціцца аб ім месяцамі
ці гадамі. І ўсё ж, гэта вялікі шлях! – упэўнены Пантыфік. Час, праведзены з хворым
– святы час. Дзякуючы нашай блізкасці і прыхільнасці хворы пачувае сябе любімым і
суцешаным. З іншага боку, вялікая хлусня хаваецца за фразамі аб “якасці жыцця”, якія
прымушаюць людзей думаць, што жыццё цяжка хворага чалавека не вартае таго, каб быць
пражыта! – папярэдзіў Святы Айцец.
Часам у спешцы мы забываемся пра вялікую
каштоўнасць часу, праведзенага ля ложка хворага. Папа нагадаў, што дабрачыннасць патрабуе
часу. Часу, каб клапаціцца пра хворага, наведваць яго, як сябры Ёва, якія “сядзелі
з ім на зямлі сем дзён і сем ночаў; і ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што
пакута яго вельмі вялікая” (Ёв 2:13). І ўсё ж яны асуджалі яго, думаючы што ён быў
пакараны Богам за грахі. Сапраўдная дабрачыннасць не судзіць і не чакае пахвалы за
тое дабро, якое робіць, гаворыцца ў пасланні папы Францішка Сусветны дзень хворых.