2014-12-30 10:48:46

Пінская дыяцэзія: вынікі 2014 года і планы на год 2015


RealAudioMP3 Аб выніках мінаючага года і планах на год надыходзячы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам. Ён адзначыў, што 2014 год быў адметны для Пінскай дыяцэзіі тым, што тут адзначалі 100-годдзе нараджэнне кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта ў Пінскай дыяцэзіі ён правеў большую частку святарскага жыцця. Тут ён паступіў у духоўную семінарыю, тут атрымаў сакрамэнт святарства, распачаў сваё пастырскае служэнне і працягнуў яго пасля вяртання з ГУЛАГу. Больш за 20 год ён кіраваў Пінскай дыяцэзіяй і за гэты час зрабіў вельмі многае: большасць парафій, якія адрадзіліся – гэта справа іерарха, таксама як і адраджэнне пінскай духоўнай семінарыі. Дзякуючы намаганням кардынала паўстаў і катэхетычны каледж у Баранавічах.

“Год, які заканчваецца, быў адметны для Пінскага Касцёла і тым, што нам удалася збудаваць і асвяціць некалькі касцёлаў. Напрыклад, у раённым цэнтры Драгічын, дзе вернікі на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў не мелі сваёй святыні. Таксама горад Белаазёрск, які паўстаў крыху больш за 50 гадоў таму, і дзе на сённяшні дзень тут налічваецца больш за 13 тыс. жыхароў, цяпер мае сваю каталіцкую святыню, асвечаную ў Чацвёртую нядзелю Адвэнта. Гэта была вялікая радасць для мясцовай супольнасці, якой яна чакала больш за 20 гадоў, молячыся ў розных прыватных дамах”, - сказаў біскуп.

Па-ранейшаму дыяцэзія мае праблему з колькасцю святароў, якіх не хапае ў траціне парафій. Таму адметнай падзеяй сталі і сёлетнія святарскія пасвячэнні: “Былі пасвечаны некалькі святароў, і гэта вялікая радасць для парафій, бо ўсё ж такі дзесьці адна трэцяя парафій яшчэ застаецца без святароў. І асабліва ў Гомельскай вобласці святары даязджаюць за 50-70 кіламетраў да суседняй парафіі”, - прызнаўся пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Гаворачы пра вынікі мінулага году, біскуп Антоній таксама назваў вялікай падзеяй перэгрынгацыю па дыяцэзіі крыжа Сусветных дзён моладзі. А асабіста іерарха ўсцешылі спатканні моладзі ў розных гарадах, прыемна ўразіла і тое, што маладыя католікі Пінскай дыяцэзіі ахвотна збіраюцца на пілігрымкі ў летні час: “Найбольш шматлікай пілігрымкай у Будслаўскі санктуарый Маці Божай была менавіта пілігрымка з Баранавіч, якая таксама прайшла найбольшую адлегласць. І да Маці Божай Каралевы Палесся прыйшло вельмі многа моладзі з Баранавіч і Бярозы. А там, дзе ёсць моладзь, там ёсць будучыня парафій і нашай дыяцэзіі. Можна сказаць, што Бог благаславіў нам у годзе, які заканчваецца, бо працаваў і катэхетычны каледж, быў выпуск яго студэнтаў – спадзяемся, яны будуць добрымі катэхетамі ў розных парафіях дыяцэзіі”, - сказаў біскуп.

2015 год чакаецца знакавым: плануецца святкаванне 90-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі і Пінскай духоўнай семінарыі. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Святы Пасад у клопаце аб палешуках заснаваў дыяцэзію з цэнтрам у Пінску: “Гэта не юбілей, бо юбілей у Касцёле - 25, 50, 75 або 100 год, але гэта круглая дата, якая таксама мабілізуе нас да таго, каб мы больш рупліва паглядзелі на нашае душпастырства. Дыяцэзія паўстала ў дзень св. Юды Тадэвуша, 28 кастрычніка 1925 года. Святары, сабраныя на святарскай радзе, а таксама розныя камісіі і рады дыяцэзіі разгледзілі пэўныя прапановы і іх зацвердзілі. Мы хочам “гістарычна” папрацаваць у кожнай парафіі: якія пробашчы тут працавалі ў розныя гады, які быў іх лёс? Гэта важна для пакліканняў у будучым, бо шануючы гісторыю, можна з надзеяй глядзець у будучыню. Таксама вялікая праца будзе ўскладзена на Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю, бо трэба будзе апрацаваць гісторыю гэтай навучальнай фармацыйнай установы, апрацаваць гісторыю рэктараў”, - падзяліўся планамі іерарх.

На заканчэнне размовы біскуп Антоні падкрэсліў, што спадзяецца добры 2015 год, які паспрыяе асэнсаванню гісторыі Пінскай дыяцэзіі і аптымістычнаму погляду ў яе будучыню.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.