2014-12-30 12:41:01

Кардынал Таран пра вынікі і перспектывы міжрэлігійнага дыялогу


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран падвеў вынікі года і падзяліўся з чытачамі “Osservatore romano” сваімі думкамі аб перспектывах дзейнасці дэкастэрыі ў 2015 г. Паводле яго, мы перажываем адзін з самых змрочных момантаў у гісторыі чалавецтва. Не праходзіць і дня без трагічных падзей у розных кутках свету. Становішча пагаршае той факт, што насілле здзяйсняецца ў імя Бога. У такой сітуацыі, лічыць іерарх, не могуць не паўстаць пытанні: ці заслугоўваюць рэлігіі даверу, і ці заслугоўвае даверу міжрэлігійны дыялог, асабліва, дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі?

У гэтых складаных умовах Папская рада па міжрэлігійным дыялогу працягвала і нават інтэнсіфікавала сваю дзейнасць у 2014 г. У прыватнасці, у жніўні, калі хрысціянскую супольнасць і іншыя меншасці ў Іраку спасціг пераслед з боку Ісламскай дзяржавы, ватыканская дэкастэрыя апублікавала дэкларацыю, якая мела шырокі рэзананс. У лістападзе ў Рыме адбыўся семінар у рамках каталіцка-мусульманскага форума, у якім прынялі ўдзел 12 прадстаўнікоў з кожнага боку, а таксама міжрэлігійная канферэнцыя, прысвечаная пытанням узаемадапаўняльнасці мужчын і жанчын. У Тэгеране была праведзена сустрэча прадстаўнікоў Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і іранскага Цэнтра міжрэлігійнага дыялогу. У снежні ў Рыме адбыўся саміт, у якім удзельнічалі хрысціянскія (католікі, англікане, прэсвітарыянцы) і мусульманскія (суніты і шыіты) рэлігійныя лідэры і інтэлектуалы. У якасці ганаровых гасцей на саміт былі запрошаны прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхату і юдаізму. Працягваецца супрацоўніцтва Ватыкана са З’ездам лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій, які праходзіць у казахстанскай Астане, а таксама з Міжнародным цэнтрам міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу імя караля Абдалы, што ў Вене.

Кардынал Таран нагадаў, што дзейнасць Рады мае асабліва вялікае значэнне ў напружаныя часы міжрэлігійных канфліктаў. Сам факт правядзення сустрэч, перамоў, абмеркавання супольных дэкларацый з’яўляецца красамоўным сведчаннем для народаў, прадстаўнікі якіх прымаюць удзел у дыялогу. Гэтыя людзі – рэлігійныя лідэры, інтэлектуалы, універсітэцкія выкладчыкі – аказваюць аўтарытэтны ўплыў на маладое пакаленне. На думку ватыканскага іерарха, каб дасягнуць пазітыўных змен, трэба перш за ўсё ўнесці змены ў адукацыю моладзі, у вучэбныя тэксты. Двухсэнсоўныя, памылковыя ці абразлівыя спасылкі на рэлігіі нясуць велікую шкоду. Таму старшыня Папскай рады вітае перагляд вучэбных тэкстаў, у першую чаргу, падручнікаў па рэлігіі і гісторыі.

Кардынал Таран звярнуў увагу таксам на падрыхтаваны яго Радай дакумент “Дыялог у праўдзе і міласэрнасці”, у якім мясцовыя Касцёлы могуць знайсці кіруючыя ўказанні адносна дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій.








All the contents on this site are copyrighted ©.