2014-12-29 12:17:06

2015 год для папы Францішка


RealAudioMP3 У наступным годзе папу Францішка чакае насычаны графік касцёльных падзей і мерапрыемстваў. Усе яны грунтуюцца на цвёрдым перакананні ў тым, што, каб пазбегнуць расколу ў грамадстве і на міжнароднай арэне, трэба вярнуцца да Бога як да галоўнага арыенціра ў жыцці чалавецтва. 4-25 кастрычніка ў Ватыкане пройдзе XIV Звычайнай сесія Сіноду Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце”. Яна стане працягам III Надзвычайнай сесіі Сінода, прысвечанай тэме “душпастысркіх выклікаў, звязаных з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”, які ставіў мэтай збор інфармацыі пра рэальнае становішча сем’яў на розных кантынентах. Чакаецца, што наступны Сінод дасць больш поўнае ўяўленне аб касцёльным бачанні пытанняў сям’і і сужэнства, хаця канчатковае слова і рашэнне па гэтых пытаннях застанецца за Святым Айцом.

Яшчэ адной важнай падзеяй 2015 г. стане Год кансэкраванага жыцця. Папа Францішак лічыць яго вельмі важным для ўсяго Касцёла і не толькі: пануючая ў наш час культура індывідуалізму разбурае грамадства, таму варта прадэманстраваць, што братэрскае жыццё магчымае.

Сярод знамянальных падзей 2015 г. – апостальскія падарожжы Пантыфіка, які ў студзені адправіцца ў Азію (у Шры-Ланку і на Філіпіны), а ў верасні – у ЗША на Сусветную сустрэчу сем’яў, якая пройдзе ў Філадэльфіі. У надыходзячым годзе папа Францішак наведае таксама Францыю, і, магчыма, некаторыя краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Святы Айцец здзейсніць і некалькі падарожжаў па Італіі – у Неапаль (21 сакавіка) з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска і ў Турын (21 чэрвеня) з нагоды дэманстрацыі Турынскай плашчаніцы.

Як і сёлета, ў 2015 г. сталая ўвага Францішка будзе накіравана на Блізкі Усход. Трэба нагадаць, што з нагоды Божага Нараджэння ён накіраваў пасланне да жыхароў гэтага рэгіену, у якім выказаў сваю салідарнасць і блізкасць, а таксама пацвердзіў немагчымасць змірыцца з логікай канфлікту і тэрарызму. Пантыфік перакананы ў неабходнасці міжрэлігійнага дыялогу і больш рашучых намаганняў з боку міжнароднай супольнасці.

У наступным годзе Францішак працягне звяртаць увагу на дзейнасць міжнародных арганізацый, асабліва, ААН. Акрамя таго, ён дасць дзесяткі аўдыенцый кіраўнікам дзяржаў, урадаў, міжнародных і грамадскіх арганізацый, а таксама прыме каля 30 груп прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый, якія прыбудуць у Апостальскую сталіцу з візітам “ad limina”.

Чакаецца, што ў 2015 г. будзе апублікаваны шэраг папскіх дакументаў, у тым ліку і новая энцыкліка, прысвечаная экалогіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.