Папская ВНУ будзе рыхтаваць спецыялістаў па “парафіяльным менэджменце”
Папскі Латэранскі
ўніверсітэт у Рыме ад наступнага года прапануе ступень магістра ў галіне “парафіяльнага
менэджменту”. Асноўнымі аспектамі праграмы, накіраванай на каталіцкіх святароў і свецкіх,
з’яўляюцца: кіраванне персаналам і бізнес-адміністраванне ў касцёльных арганізацыях,
паведаміла італьянская каталіцкая газета “Avvenire”. Рэктар навучальнай установы,
біскуп Энрыка даль-Ковала, назваў новую прапанову ўнікальнай у міжнародным плане.
Праграма па спецыяльнасці “парафіяльны менэджмент” будзе ўлічваць узросшыя патрабаванні
да празрыстасці і кампетэнцыі ў кіраванні касцёльнымі ўстановамі. Побач з арганізацыяй
і кіраваннем акцэнт будзе пакладзены таксама на камунікацыйныя навыкі бубдучых касцёльных
упраўленцаў. Сёння таксама пробашч павінен валодаць базавымі навыкамі эканамічнага
кіравання парафіяй і ўпраўлення “чалавечымі рэсурсамі”, лічаць арганізатары курсу.
Ён пачнецца 16 лютага і будзе доўжыцца 15 месяцаў. Мэтавымі групамі з’яўляюцца: кіраўніцтва
дыяцэзій і парафій, а таксама іншых каталіцкіх устаноў і дабрачынных арганізацый.
Трэба
адзначыць, што сёння Латэранскі ўніверсітэт адна з самых буйных каталіцкіх навучальных
устаноў у свеце. Амаль 57 іншых ВНУ у многіх краінах розным чынам звязаны з ім, з’яўляючыся
яго аддзяленнямі, філіяламі і асацыяванымі інстытутамі. Цяпер у папскім універсітэце
навучаюцца студэнты, якія прадстаўляюць больш за 100 краін.