2014-12-26 12:19:45

У азіяцкіх краінах узгадваюць дзесяцігоддзе гіганцкага цунамі


RealAudioMP3 Дзесяць гадоў таму, 26 снежня 2004 г., магутны землятрус магнітудай 9 балаў выклікаў гіганцкую хвалю цунамі, якая накрыла краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Ахвярамі прыроднай катастрофы сталі 230 тыс. чалавек у 14 краінах свету. Сёння з нагоды дзесяццігоддзя трагедыі ў пацярпелых краінах пройдуць памятныя цырымоніі і набажэнствы, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі ўрадаў, пацярпелыя і сваякі ахвяр. Многія краіны, арганізацыі і людзі добрай волі мабілізавалі свае магчымасці для дапамогі пацярпелым ад цунамі. Салідарнасць з імі праявіў і Каталіцкі Касцёл. Па словах старшыні “Caritas Internationalis” кардынала Оскара Радрыгеса Марадз’ягі, гэта каталіцкая дабрачынная арганізацыя вылучыла на аднаўленне пасля цунамі 485 млн долараў ЗША. Гэта фінансавая дапамога была выкарыстана для аказання неадкладнай дапамогі пацярпелым, а таксама для будоўлі жылля і аднаўлення гаспадаркі.

У Інданезіі, якая знаходзілася ў самым эпіцэнтры разбуральнага землятрусу, загінула 168 тыс. чалавек. Прэзідэнт краіны Джока Выдода ўзначаліў 25 снежня цырымонію памяці ахвяр, пахаваных у брацкай магіле на ўзбярэжжы Суматры. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі 35 краін і шматлікіх гуманітарных арганізацый.

Лік ахвяр цунамі ў Тайландзе склаў больш за 8 тыс. чалавек, сярод іх больш за тысячу турыстаў, якія праводзілі тут святочныя вакацыі. Падчас памятнай цырымоніі, якую ў курортным горадзе Као-Лак узначаляць нямецкія рэлігійныя дзеячы, будзе прачытана пасланне прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаука. Міжканфесійная цырымонія з удзелам будыстаў, мусульманаў і хрысціянаў адбудзецца і ў Пукеце каля мемарыяла з імёнамі ахвяр.

У Шры-Ланцы, дзе ў выніку катастрофы загінула 35 тыс. чалавек, сімвалам трагедыі стаў цягнік “Каралева мора”, маршрут якога праходзіць уздоўж узбярэжжа. Ахвярамі самай буйной у гісторыі чалавецтва чыгуначнай катастрофы сталі 1600 пасажыраў цягніка, накрытага гіганцкай хваляй цунамі. Каля 200 пасажыраў, якія выжылі, прымуць удзел у памятнай цырымоніі, а таксама зноў праедуць тым самым маршрутам.














All the contents on this site are copyrighted ©.