2014-12-25 13:09:34

2014 год для Касцёла ў Беларусі – напружаны, але плённы


RealAudioMP3 Адыходячы год у Каталіцкім Касцёле Беларусі быў насычаны падзеямі рознага плану – ад умацавання касцёльных структур да моцнага духоўнага імпульсу падчас юбілеяў і святочных набажэнстваў, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Пасвячэнні атрымалі тры новыя біскупы, прызначаныя папам Францішкам у лістападзе 2013 г., але на 2014 г. прыйшлося ўступленне іерархаў на пасаду і першыя крокі ў новай якасці. Так, мясцовы Касцёл атрымаў не толькі падтрымку, але і адчуў павагу да сябе з боку Святога Пасада. Увогуле 2014 г. быў і напружаным, і плённым, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Найперш, у пастырскай праграме гэта быў Годам малітвы, як першы год падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якое мы будзем адзначаць у 2017 г. Таксама важнай падзеяй стала святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, які стаў сапраўднай іконай Каталіцкага Касцёла Беларусі – жывым мучанікам і прыкладам веры”, - адзначыў іерарх.

Арцыпастыр нагадаў, што Касцёл працягне рыхтавацца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай і ў наступным годзе. 2015 г. аб’яўлены Годам навяртання, яго дэвіз – “Марыя – прытулак грэшнікаў”. А ў сувязі з гэтым ўзнікла і ідэя арганізаваць у парафіях адмысловыя місіі. Таксама ўвагу і падтрымку зноў жа атрымаюць спартыўныя спаборніцтвы сярод каталіцкіх святароў. Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, які прайшоў у лютым на Гродненшчыне, паказаў вялікую цікавасць да такіх мерапрыемстваў, як сярод духавенства, так і сярод свецкіх. Больш за тое, Чэмпіянат станоўча паўплываў не толькі на імідж Каталіцкага Касцёла, але і ўсёй краіны.

Сярод асабліва значных падзей Мітрапаліт адзначыў правядзенне праваслаўна-каталіцкага форума, які адбыўся ў беларускай сталіцы ў красавіку, сабраў прадстаўнікоў 20 краін і паказаў, што хрысціяне імкнуцца разам супрацьстаяць выклікам часу, Мінск – лепшая пляцоўка для такіх сустрэч, а Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы ў Беларусі гатовы супрацоўнічаць далей. “Нашы брацкія Цэрквы менавіта тады злучыліся разам, абмяркоўваючы духоўны стан Еўропы і шукаючы лекаў, як выйсці з гэтай хваробы. Гэта вельмі важна ў сучасным свеце і гэты форум яшчэ раз паказаў, што мы павінны быць адзінымі ў барацьбе супраць секулярнага зла. Я маю непасрэдныя кантакты з Мітрапалітам Паўлам, мы не аднойчы сустракаліся. І падрыхтоўка да гэтага форума паказала, што мы можам працаваць. Удзел прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы ў нашых мерапрыемствах кажа аб тым, што мы далей будзем развіваць нашы адносіны, каб сумесна сведчыць аб хрысціянстве”, - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама іерарх расказаў пра некаторыя падзеі, якія чакаюць Касцёл у Беларусі ў наступным годзе. Сярод іх – і агульнанацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю для ўсталявання ўжо трэцяга знака – табліцы з гімнам Панны Марыі “Magnificat”, і правядзенне канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, пад знакам гэтай даты будзе ў 2015 г. таксама жыць Паўсюдны Касцёл. Але ёсць і тыя, да якіх, на першы погляд, ужо ўсе прывыклі: і тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, і працэсіі Божага Цела, і малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы, і, вядома, урачыстасці ў Будславе. Але і ў гэтых, традыцыйных падзеях, будуць свае адмысловыя знакі, лічыць Мітрапаліт. Напрыклад, да Маці Божай Будслаўскай кожны год прыходзіць усё больш і больш людзей, нягледзячы на юбілеі, даты, надвор’е, а, значыць, вернікі Беларусі давяраюць сябе заступніцтву апякункі і жадаюць жыць з Богам. А як гэта можа не здзіўляць і радаваць?

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.