2014-12-21 12:57:32

Святы Айцец: перажыць Божае Нараджэнне ў свабодзе ад марнасці (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў перажыць надыходзячыя святы Божага Нараджэння па-хрысціянску – у свабодзе ад марнасцяў і ў гатоўнасці прыняць Бога. З такімі словамі Пантыфік звярнуўся з вакна апостальскага палацу Ватыкана да тысяч пілігрымаў і жыхароў Вечнага горада, сабраных на традыцыйную нядзельную малітву “Анёл Панскі” 21 снежня 2014 г. У сваім кароткім разважанні Святы Айцец пахіліўся над прыкладам веры Панны Марыі, асабліва актуальным у кантэксце падрыхтоўкі да надыходзячых святаў. “Сёння, у чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнта, літургія жадае падрыхтаваць нас да Божага Нараджэння, амаль ад парога запрашаючы паразважаць над апавяданнем пра абвяшчэнне Анёла Марыі. – сказаў Папа – Арханёл Габрыэль – што азначае “Сіла Божая” – адкрыў Панне волю Бога аб тым, што яна павінна стаць маці Яго першароднага Сына: “Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага” (Лк 1,31-32). Засяродзім позірк на гэтай простай дзяўчынцы з Назарэта, у момант калі яна стала адкрытай на боскае пасланне праз сваё “так”; пахілімся над двума важнымі аспектамі яе паводзін, якія для нас, з’яўляюцца прыкладам у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння.

Перш за ўсё над яе верай, яе пазіцыяй веры, якая заключалася ў слуханні слова Божага дзеля таго, каб аддацца яму з поўнай адкрытасцю розума і сэрца. Адказваючы Анёлу, Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (38). У сваім “вось я” поўным веры, Марыя не ведала, якімі шляхамі павінна будзе вандраваць, якія пакуты павінна будзе перанесці, з якімі рызыкамі сустрэцца. Але яна была свядомай таго, што гэта Пан кліча яе давяраць Яму цалкам і аддацца Яго любові.

Іншы аспект – гэта здольнасць Маці Хрыста распазнаваць час Божы. Марыя – гэта тая, якая зрабіла магчымым уцелаўленне Сына Божага, “аб’яўленне таямніцы, якую замоўчвалі вякамі” (Рым 16,25). Яна зрабіла магчымым уцелаўленне Слова менавіта дзякуючы свайму пакорнаму і адважнаму “так”. Марыя вучыць нас прымаць той спрыяльны момант калі Езус праходзіць у нашым жыцці і просіць аб хуткім і шчырым адказе. Езус праходзіць. Сапраўды, таямніца нараджэння Езуса ў Бэтлееме, якая гістарычна адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, спаўняецца, як духоўная падзея, у літургічным “сёння”. Слова, якое пасялілася ў дзявочым улонні Марыі, падчас цэлебрацыі Божага Нараджэння зноў стучыцца ў сэрца кожнага хрысціяніна: праходзіць і стучыцца. Кожны з нас пакліканы адказаць, як Марыя, “так” асабістым і шчырым, становячыся цалкам даступным Богу і Яго міласэрнасці, Яго любові.

Колькі разоў Езус праходзіць у нашым жыцці і колькі разоў пасылае анёла, колькі разоў мы гэтага не ўсведамляем, таму што часта бываем ахоплены, пагружаны ў нашы думкі, справы ці, як напрыклад у гэтыя дні, у нашы прыгатаванні да Божага Нараджэння, і так не разумеем, што Ён праходзіць і стучыць у дзверы нашага сэрца, просячы прыняць Яго, просячы стакаць “так”, як Марыя. Адзін святы казаў: “Я баюся, што Пан пройдзе”. Ведаеце, чаму? Таму што баяўся не распазнасць Яго і дазволіць яму прайсці міма. Калі мы чуем у нашым сэрцы: “Хацеў бы стаць дабрэй... Каюся з таго, што ўчыніў”. Гэта менавіта Пан стучыць. Ён дазваляе адчуць гэта: жаданне стаць лепшым, жаданне быць побач з іншымі, з Богам. Калі адчуваеш гэта – спыніся. Гэта Пан тут! Ідзі памаліся, магчыма прыступі да споведзі, каб крыху ачысціца: гэта будзе добра. Але добра памятай: калі адчуваеш жаданне стаць лепшым, гэта Пан стучыць: не дазволь яму прайсці міма.

У таямніцы Божага Нараджэння, побач з Марыяй ёсць маўклівая прысутнасць св. Юзафа, як гэта прадстаўляецца ў любых святочных яслях – нават у гэтых, якія можаце сузіраць на плошчы св. Пятра. Прыклад Марыі і Юзафа з’яўляецца, для ўсіх нас заклікам да прыняцця, з поўнай душэўнай адкрытасцю, Езуса, які з любові стаў нашым братам. Ён прыходзіць, каб несці свету дар спакою: “А на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2,14), як абвяшчалі хоры анёлаў пастухам. Каштоўны дар Божага Нараджэння – гэта спакой, а Хрыстус, гэта наш сапраўдны спакой. Хрыстус стучыць у нашы сэрцы, каб падарыць спакой, душэўны спакой. Адкрыем дзверы Хрысту! Даверымся заступніцтву нашай Маці і св. Юзафа, каб перажыць Божае Нараджэнне, сапраўды па-хрысціянску, свабоднымі ад марнасцяў, у гатовоўнасці прыняць Збаўцу, “Бога з намі”.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак прывітаў шматлікія групы пілігрымаў прысутныя на ватыканскай плошчы і пажадаў усім добрай нядзелі, а таксама Божага Нараджэння поўнага надзеі, радасці і братэрства.








All the contents on this site are copyrighted ©.