2014-12-18 12:27:36

Францішак: давяраць Богу нават у самыя цёмныя моманты жыцця


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў давяраць Богу ў самыя “цёмныя моманты” жыцця, нават калі не разумеем гісторыі, якая адбываецца з намі. Гэта заўсёды гісторыя збаўлення, падкрэсліў ён ў сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 18 снежня 2014 г. Святы Айцец заўважыў, што Бог пажадаў збавіць людзей у гісторыі. Ён ідзе разам са сваім народам, крок за крокам. “Калі мы памыляемся, Бог папраўляе нашу гісторыю і вядзе нас далей, заўсёды суправаджаючы”, - сказаў Папа. На яго думку, без усведамлення гэтага факту, немагчыма зразумець сэнсу Божага Нараджэння. Гісторыя збаўлення працягваецца да сённяшняга дня, падкрэсліў ён.

У гэтай гісторыі, паводле слоў Францішка, прысутнічаюць “выбраныя Божыя” – асобы, якіх Бог выбірае для таго, каб дапамагалі Яго народу ісці наперад. Такімі былі, напрыклад, Абрагам, Майсей, Ілля. Яны, магчыма, жадалі жыць спакойна, але былі вымушаны перыжываць складаныя, цёмныя, нязручныя моманты. Так Бог стварае гісторыю: выводзіць з утульнага стану, “прымушаючы ісці дарогамі, якіх мы не жадаем”.

Святы Айцец заўважыў, што такі “цёмны момант” наступіў і для св. Юзафа, калі ён даведаўся аб цяжарнасці Марыі. Ён шмат пакутаваў, магчыма, па прычыне шматлікіх плётак вакол яго абранніцы, але не пераставаў верыць, што яна – “Божы чалавек”, “няздольная на здраду”. Выбраныя Божыя, каб чыніць гісторыю, павінны узяць праблему на ўласныя плечы, нават не разумеючы. Так зрабіў і Юзаф: “абвінаваціў самога сябе ў вачах іншых, каб абараніць сваю нявесту”. Пачуўшы голас анёла ў сне, ён узяў да сябе Марыю. Не разумеў, але быў паслухмяны Пану.

Рабіць гісторыю са сваім народам для Бога азначае, крочыць са сваімі выбранымі і выпрабоўваць іх. Але ў канчатковым выніку Ён іх збаўляе, сказаў Папа. Ён заклікаў вернікаў, прысутных на Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты, нават у самыя непрыемныя моманты жыцця давяраць Богу, аддавацца ў Яго рукі.








All the contents on this site are copyrighted ©.