2014-12-16 11:59:52

Надзея на нармалізацыю адносін паміж Святым Пасадам і Кітаем


RealAudioMP3 Прадстаўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі выказаў надзею на паляпшэнне адносін са Святым Пасадам. Заява выйшла на наступны дзень пасля апублікавання інфармацыі, што Папа не прыме Далай-ламу. Тыбецкі лідэр знаходзіўся на мінулым тыдні ў Рыме. 14 снежня 2014 г. прэс-сакратар Далай-ламы паведаміў, што лідэр тыбецкага народа папрасіў аб сустрэчы з Пантыфікам, але кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін патлумачыў, што гэта можа стварыць праблемы ў адносінах з Кітаем.

У сваю чаргу прадстаўнік МЗС Кітая Цын Ган заявіў на прэс-канферэнцыі ў Пекіне, што “Ватыкан можа працаваць сумесна з Кітаем у тым жа кірунку, у мэтах паляпшэння ўзаемных адносін”. Умовай павінна быць захаванне ватыканскім бокам “важных прынцыпаў”, якія маюць асноватворнае значэнне для камуністычных уладаў.

Трэба нагадаць, што дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай і Святым Пасадам былі разарваныя больш за 60 гадоў таму, калі Апостальскі нунцый у Пекіне, арцыбіскуп Антоніа Рыберы, быў высланы з краіны і пераехаў на Тайвань. Для аднаўлення стасункаў кітайскія ўлады патрабуюць ад Святога Пасаду разарвання адносін з Тайванем, які яны лічаць часткай сваёй тэрыторыі, і неўмяшання ва ўнутраныя справы Кітая. У апошняе камуністычныя ўлады ўкладаюць падпарадкаванне Каталіцкага Касцёла і адмову Пантыфіку ў праве свабоднага прызначэння біскупаў.

Падчас падарожжа ў Паўднёвую Карэю ў жніўні 2014 г. Францішак мог упершыню ў гісторыі праляцець самалётам над тэрыторыяй Кітая. Да ўладаў краіны ён накіраваў тэлеграму з найлепшымі пажаданнямі. Калі ў Карэю ў 1989 г. ляцеў св. Ян Павел II, Кітай не пагадзіўся ўпусціць самалёт з Пантыфікам на борце ў сваю паветраную прастору.







All the contents on this site are copyrighted ©.