2014-12-14 14:07:14

Папа перад “Анёл Панскі”: радасці без Езуса не існуе (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Сапраўднай радасці, якую можа даць выключна Езус, прысвяціў 14 снежня 2014 г. свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” папа Францішак. Кожны вернік, які спазнаў хрыстовую радасць, пакліканы дзяліцца ёй з іншымі, нагадаў ён. “Ужо на працягу двух тыдняў час Адвэнту запрашае нас да духоўнага чування, каб падрыхтаваць шлях Пану, Які прыходзіць. У гэту Трэцюю нядзелю літургія прапануе нам яшчэ адну ўнутраную паставу, у якой трэба перажываць гэта чаканне Пана – радасць, радасць Езуса. Вы прынеслі транспарант, на якім напісана: “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Гэтыя словы прапануюць нам радасць Езуса! - сказаў Папа. Чалавечае сэрца жадае радасці. Мы ўсе хочам радасці: кожная сям’я, кожны народ імкнуцца да шчасця. Але да перажывання і сведчання якой радасці пакліканы хрысціянін? Гэта радасць паходзіць ад блізкасці Бога, з Яго прысутнасці ў нашым жыцці. З моманту, калі Езус увайшоў у гісторыю, з Яго нараджэннем у Бэтлееме, чалавецтва атрымала насенне Валадарства Божага, як зямля, якая прымае насенне, што абяцае будучы ўраджай.

Не трэба ўжо шукаць у іншым месцы! Езус прыйшоў, каб прынесці радасць усім і назаўсёды. Гэта не толькі радасць, якой спадзяюцца або адкладаюць да раю – тут на зямлі мы сумныя, але ў Небе мы будзем радасныя. Не, не! Гэта не так. Гэта радасць ужо цяпер з’яўляецца рэальнасцю, яна магчыма для адчування ўжо зараз, таму што сам Езус – гэта наша радасць, і наш дом з Езусам з’яўляецца радасцю. Што вы напісалі? “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Давайце скажам гэта ўсе: “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Ці існуе радасць без Езуса? Яе няма! Ён жывы, Ён Уваскрос і дзейнічае ў нас і сярод нас, асабліва праз сваё слова і сакрамэнты.

Мы ўсе ахрышчаныя дзеці Касцёла, мы пакліканы пастаянна і нанова прымаць прысутнасць Бога сярод нас і дапамагаць іншым, убачыць яе або аднавіць, калі забыліся пра яе. Гэта прыгожая місія, падобная да місіі Яна Хрысціцеля: скіроўванне людзей да Хрыста – а не на сябе! Бо Ён з’яўляецца мэтай, да якой імкнецца чалавечае сэрца, калі шукае радасці і шчасця.

Яшчэ раз св. Павел, у сённяшняй літургіі, гаворыць пра ўмовы быцця “місіянерамі радасці”: няспынна маліцца, непрыстанна дзякаваць Богу, прыстасоўвацца да Яго Духа, імкнуцца да дабра і пазбягаць зла (пар. 1 Тэс 5, 17-22). Калі гэта стане ладам нашага жыцця, то Добрая Навіна зможа ўвайсці ў многія дамы і дапамагчы людзям і сем’ям даведацца, што Езус ёсць збаўленнем. У Ім можна знайсці ўнутраны спакой і сілу, каб кожны дзень сустракацца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, нават самымі цяжкімі і самымі складанымі. Ніколі не было чуваць аб нейкім святым, што быў сумны, ці нейкай святой, што мела твар, як на пахаванні. Гэта было б абсурдна.

Хрысціянін – гэта чалавек, чыё сэрца напоўнена спакоем, таму што ён умее пакладаць сваю радасць у Пану, нават калі перажывае цяжкія часы. Верыць, не азначае быць свабодным ад цяжкасцяў, але мець сілу супрацьстаяць ім, ведаючы, што ты не самотны. Гэта і ёсць спакой, які Бог дае сваім дзецям.

Углядаючыся ў блізкае ўжо Божае Нараджэнне, Касцёл запрашае нас да сведчання, што Езус – гэта не асоба з мінулага. Ён – Слова Божае, якое і сёння працягвае асвячаць шлях чалавека. Яго жэсты – сакрамэнты – гэта выраз пяшчоты, суцяшэння і любові Айца да кожнага чалавека. Няхай Дзева Марыя, “Прычына нашай радасці”, робіць нас больш радаснымі ў Пану, Які прыходзіць, каб вызваліць нас ад нявольніцтва ўнутранага і знешняга”, - сказаў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец заклікаў вернікаў да гарачай малітвы за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.