2014-12-13 11:01:50

Папа: ад Лацінскай Амерыкі чакаюць новых мадэляў развіцця


RealAudioMP3 “Magnificat” Марыі заклікае прасіць, каб будучыню Лацінскай Амерыкі кавалі ўбогія, пакутуючыя, пакорныя, галодныя і прагнучыя справядлівасці, чыстыя сэрцам, міратворцы, гнаныя за імя Хрыста, сказаў папа Францішак 12 снежня 2014 г. падчас гаміліі на св. Імшы ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай. Пантыфік адзначыў, што культ апякункі Амерыкі распасціраецца “ад Аляскі да Патагоніі”. Ён нагадаў, што Маці Божая з’явілася беднаму індзейцу Хуану Дыега ў XVI стагоддзі. “Праз яе хрысціянская вера стала найвялікшым духоўным скарбам народаў Лацінскай Амерыкі, самай каштоўнай жамчужынай якога з’яўляецца Езус Хрыстус”, - сказаў Святы Айцец. Марыя ўзвышае пакорных, абараняе бедных і прыніжаных, даючы благаслаўленне і надзею тым, хто верыць у яе міласэрнасць, і, разам з тым, скідвае з трона багатых, магутных і ўладных, працягнуў свае разважанні Папа. Ён адзначыў, што гімн “Magnificat” уводзіць нас у “благаслаўленні”, якія з’яўляюцца асноўным сінтэзам і законам евангельскага паслання.

Францішак нагадаў, што Лацінскую Амерыку называюць “кантынэнтам надзеі”, бо ўсе чакаюць ад яе новых мадэляў развіцця, якія спалучаюць хрысціянскую традыцыю з грамадзянскім прагрэсам, справядлівасць і роўнасць з паяднаннем, навукова-тэхнічнае развіццё з чалавечай мудрасцю, урадлівае цярпенне з радасцю, напоўненай надзеяй. Гэту надзею можа абараніць толькі праз вялікія дары праўды і любові, якія з’яўляюцца асновай усёй рэальнасці, рэвалюцыйнымі рухавікамі сапраўднага новага жыцця, сказаў Святы Айцец.

Эўхарыстыя ў інтэнцыі Лацінскай Амерыкі сабрала кардыналаў, духавенства і свецкіх вернікаў з Мексікі, Бразіліі, Чылі, ЗША, Канады і іншых краін. На ёй выконвалася знакамітая “Misa Creola” (Крэольскай імша), напісаная роўна 50 гадоў таму аргентынскім кампазітарам Арыэлем Рамірасам.







All the contents on this site are copyrighted ©.