2014-12-13 13:12:00

Пантыфік да слабавідушчых: мы ўсе маем здольнасці, і ўсе маем абмежаванні


RealAudioMP3 Францішак сустрэўся 13 снежня 2014 г. з членамі Нацыянальнага савета італьянскага Саюза сляпых і слабавідушчых. Нагодай для спаткання стаў літургічны ўспамін св. Люцыі, апякункі людзей, якія згубілі зрок. Пантыфік нагадаў пра характэрныя рысы святой і падкрэсліў іх актуальнасць у наш час. Св. Люцыя адзначалася мужнасцю, якая праявілася падчас катаванняў, што маладая жанчына перажыла за Хрыста. “Мы ўсе патрабуем мужнасці, каб супрацьстаяць жыццёвым выпрабаванням. У прыватнасці, асобы сляпыя і слабавідушчыя не павінны замыкацца ў сабе або прымаць пастуву пацярпелага, але, наадварот, быць адкрытымі да рэальнасці, да іншых, да грамадства; каб вывучыць і пазнаць магчымасці, якія Пан уклаў у кожнага з іх, насамрэч у кожнага без выключэння! І для гэтага трэба мужнасці, стойкасці духа”, - падкрэсліў Пантыфік.

Іншай рысай св. Люцыі была яе прывязанасць да супольнасці, на чале якой стаіць Хрыстус, пачуццё таго, што яна частка цэлага, не адна ў гэтым свеце. Гэта важна разумець у рамках арганізацыі, такой як італьянскі Саюз сляпых і слабавідушчых, падкрэсліў Святы Айцец. “Асацыяцыя – гэта не сума індывідаў, гэта нашмат больш” – салідарнасць, абмен вопытам, абмен магчымасцямі, - дадаў ён. І менавіта людзі з інваліднасцю могуць пацвердзіць гэты прынцып узаемадапаўняльнасці. “Наяўнасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі мабілізуе ўсіх да стварэння супольнасці, быцця супольнасцю, прыняцця адзін аднаго з нашымі абмежаваннямі. Таму што мы ўсе маем здольнасці, але ўсе таксама маем абмежаванні”, - сказаў Папа і дадаў, што св. Люцыя дапамагае нам таксама не забывацца, што жыццё – гэта дар, і разуменне гэтага з’яўляецца сапраўдным сакрэтам шчасця.

Францішак пажадаў змагацца за каштоўнасці, прапанаваныя св. Люцыяй у сённяшнім індывідуалістычным свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.