2014-12-12 12:53:13

Святы Айцец заклікаў хрысціян Блізкага Усходу да мужнай веры


RealAudioMP3 Папа Францішак выказаў сваю блізкасць і падтрымку хрысціянам Блізкага Усходу, прымаючы 12 снежня 2014 г. на аўдыенцыі біскупаў, святароў і вернікаў Сіра-каталіцкай Царквы. Яны прыбылі ў Рым разам з Патрыярхам Антыёхіі Ігнацыем ІІІ Юнанам для правядзення Сінода на тэму літургічнай рэформы. Пантыфік нагадаў, што цяжкая сітуацыя на Блізкім Усходзе прымушае вернікаў пакідаць рэгіён. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да новых душпастырскіх патрэб і кідае падвоены выклік: захавання вернасці паходжанню і інтэграцыі ў новы культурны кантэкст. Імкненне вернікаў Блізкага Усходу ў напрамку больш “бяспечных” месцаў, памяньшае прысутнасць хрысціян на “зямлі прарокаў, першых прапаведнікаў Евангелля, мучанікаў і шматлікіх святых, у калысцы пустыннікаў і манаства”, заўважыў Папа. У сувязі з гэтым, ён заклікаў удзельнікаў Сінода Сіра-каталіцкай Царквы паразважаць аб сітуацыі сваіх епархій, “якія патрабуюць дбайных пастыраў і адважных вернікаў, здольных сведчыць аб Евангеллі ў часам няпростых адносінах з асобамі іншых народнасцяў і рэлігій”, сказаў Папа.

Францішак заклікаў сіра-каталіцкую супольнасць, разам з прадстаўнікамі іншых Цэркваў, адказваць на гуманітарныя патрэбы людзей, якія застаюцца ў зонах канфліктаў або вымушаны пакідаць радзіму.

Сіра-каталіцкая Царква налічвае каля 266 тыс. вернікаў, якія пражываюць галоўным чынам ў Іраку, Сірыі, Ліване, Іарданіі, ЗША. Сядзіба яе кіраўніка, Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу, знаходзіцца ў ліванскім Бейруце.








All the contents on this site are copyrighted ©.