2014-12-12 12:11:27

Папа будзе маліцца за народы Лацінскай Амерыкі


RealAudioMP3 12 cнежня 2014 г. папа Францішак узначаліць св. Імшу ў інтэнцыі народаў Лацінскай Амерыкі. Дата яе правядзення была выбрана не выпадкова, бо менавіта ў гэты дзень адзначаецца ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай – апякункі рэгіёна. Эўхарыстыя адбудзецца ў ватыканскай базыліцы пры ўдзеле кардыналаў, духавенства і свецкіх вернікаў з Мексікі, Бразіліі, Чылі, ЗША, Канады і іншых краін. Асаблівы каларыт літургіі будзе нададзены музыкай знакамітай “Misa Creola” (Крэольскай Імшы), напісанай роўна 50 гадоў таму аргентынскім кампазітарам Арыэлем Рамірасам. 11 снежня Францішак прыняў на аўдыенцыі яго сына Факунда Рамірэса, які будзе кіраваць аргентынскім музычным калектывам падчас літургіі. У размове з музыкантам Папа назваў яго бацьку “вялікім містыкам”. У нядаўнім інтэрв’ю аргентынскай газеце “La Nación” Святы Айцец распавёў, што ўпершыню пачуў “Misa Creola” будучы студэнтам тэалогіі і знаходзіўся пад вялікім уражаннем ад яе прыгажосці.

“Крэольская Імша” цалкам заснавана на лацінаамерыканскіх рытмах і выконваецца пры ўдзеле тэнара, змешанага хора, перкусій, фартэпіяна і народных інструментаў. Рамірас пісаў яе будучы натхнённым гісторыяй пра двух нямецкіх законніц, Элізабэт і Рэгінэ Брукнер, якія патаемна прыносілі ежу зняволеным у канцэнтрацыйным лагеры каля Вюрцбурга, падчас ІІ Сусветнай вайны. У 1967 г. кампазітар асабіста прыбыў у Ватыкан, каб уручыць папе Паўлу VI партытуру свайго твору.

У базыліцы св. Пятра “Misa Creola” прагучыць ужо ў другі раз. Да гэтага кампазіцыя часткова выконвалася тут 12 снежня 2011 г., калі Бэнэдыкт XVI цэлебраваў урачыстую літургію, прымеркаваную да 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі.

Жыхарам Усходняй Еўропы добра вядомы іншы твор Арыэля Раміраса – “Жаваранак”, фрагмент якога выкарыстоўваўся ў якасці музычнай застаўкі да тэлепраграмы “У свеце жывёлаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.