2014-12-12 15:29:10

Пантыфік прывітаў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру


RealAudioMP3 Папа Францішак даслаў сардэчнае прывітанне ўдзельнікам XIV Сусветнага саміту лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міра, які праходзіць у Рыме 12-14 снежня 2014 г. “У сэрцы кожнага чалавека ляжыць жаданне паўнавартаснага жыцця, у тым ліку і нястрымнае імкненне да братэрства, (...) якое дазваляе нам бачыць у іншых людзях не ворагаў і канкурэнтаў, а братоў і сясцёр”, – гаворыцца ў лісце, дасланым за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Святы Айцец вельмі ўдзячны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за іх прыхільнасць справе міру і братэрства народаў, а таксама за дзейнасць, накіраваную на пошук рашэння шматлікіх канфліктаў. У сувязі з тым, што саміт прысвечаны памяці Нэльсана Мандэлы, чыя спадчына працягвае натхняць увесь свет, Пантыфік моліцца аб тым, каб яго праца прынесла багатыя плёны міру на зямлі.

Нобелеўская прэмія міру – вышэйшая ўзнагарода за дасягненні ў галіне ўмацавання міру, якая штогод прысуджаецца Нобелеўскім камітэтам у Осла. За час існавання прэміі з 1901 года яе лаўрэатамі сталі 100 чалавек, у тым ліку Маці Тэрэза з Калькуты, Міхаіл Гарбачоў, Барак Абама, Кофі Анан, Лех Валенса, Далай-лама, Андрэй Сахараў. 25 разоў прэмію атрымоўвалі арганізацыі, у прыватнасці, ААН, ЕС і Арганізацыя па забароне хімічнай зброі. У 2014 г. на Нобелеўскую прэмію міру намінаваўся і папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.