2014-12-12 12:32:26

Другое адвэнтавае казанне айца Канталамесы: мір як праца


RealAudioMP3 Паразважаўшы на тэму спакою як Боскага дара ў першым адвэнтавым казанні, прапаведнік Папскага дому айцец Раньера Канталамеса прысвяціў сваё другое казанне тэме спакою як задання, над якім трэба працаваць. На яго думку, мы павінны наследаваць прыклад Хрыста, які вучыў: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі” (Мац 5, 9). У тую ж эпоху яшчэ адзін вялікі чалавек абвясціў мір ва ўсім свеце: рымскі імператар Аўгуст лічыў адной з сваіх заслуг усталяванне на зямлі так званага “рымскага міру” (pax Romana), “дасягнутага шляхам перамог”. Але Езус вучыць нас, што існуе іншы спосаб дасягнення спакою. Яго спакой – таксама “плён перамог”, але перамог над самім сабой, перамог духоўных, а не вайсковых. На крыжы, піша св. Павел, ён “забіў у сабе варожасць” (Эф 2,16). Варожасць, а не ворага. Перамога над ворагам дасягаецца з дапамогай зброі, а перамога над варожасцю – з дапамогай дыялогу. Евангельскі спосаб пабудовы міру можа ўжывацца таксама і ў палітычнай і сацыяльнай сферах. Аднойчы ў адказ на папрок у занадта ветлівым абыходжанні са сваімі палітычнымі супернікамі Лінкальн сказаў: “Хіба я не знішчаю сваіх ворагаў, робячы іх сваімі сябрамі?”.

Сёння, лічыць айцец Канталамеса, перад міратворцамі стаіць новае, цяжкае і тэрміновае заданне: спрыяць міру паміж рэлігіямі. Як гаворыцца ў звароце Сусветнага парламента рэлігій, “няма міру паміж нацыямі без міру паміж рэлігіямі і няма міру паміж рэлігіямі без дыялогу паміж імі”. Падмуркам гэтага міру з’яўляецца тое, што “ва ўсіх у нас адзіны Бог”. У нас могуць быць розныя суб’ектыўныя ўяўленні пра Бога, але аб’ектыўна мы ведаем, што Бог можа быць толькі адзін. У розных народаў ёсць розныя назвы і ўяўленні пра сонца, але сонца адно!

Кажучы пра мір паміж рэлігіямі, папскі прапаведнік звярнуў асобую ўвагу на мір паміж Ізраілем і Касцёлам. Па словах св. Паўла, гэта быў першы спакой, які Езус дасягнуў на крыжы: “Ён – спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у целе сваім. А Закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы спакой, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць” (Эф 2, 14-16).

Айцец Канталамеса ўзгадаў модны сёння лозунг “Думай глабальна, дзейнічай лакальна”, які добра падыходзіць да справы пабудовы спакою. На яго думку, трэба думаць пра спакой ва ўсім свеце, але дзейнічаць на мясцовым узроўні. Каб распачаць вайну, трэба доўга рыхтавацца: ствараць войскі, распрацоўваць стратэгіі, складаць альянсы, ісці ў атаку. Каб пабудаваць мір, ніякай падрыхтоўкі не трэба: дастаткова зрабіць першы крок, проста паціснуць руку.

Прапаведнік нагадаў, што Езус прыйшоў “абвясціць спакой тым, якія далёка, і тым, якія блізка” (Эф 2,18). Дасягнуць міру з суседзямі бывае цяжэй, чым з тымі, хто далёка. Як мы, хрысціяне, можам называць сябе міратворцамі, калі мы спрачаемся паміж сабой? – запытаўся айцец Канталамеса. Гаворка не ідзе пра падзел паміж католікамі, лютэранамі, пяцідзясятнікамі, праваслаўнымі, а пра падзелы ўнутры Касцёла ў сувязі з рознымі традыцыямі, тэндэнцыямі і звычаямі. Ён нагадаў, што тэма сёлетняга Сусветнага дня міру – братэрства. Усе мы – браты. Братэрству вучацца перш за ўсё ў сям’і, але таксама ў рэлігійных сем’ях, парафіяльных супольнасцях, падчас Сіноду Біскупаў, у рымскай Курыі. Розныя меркаванні не павінна быць непераадольнай перашкодай. “Калі б Рымская курыя была прыкладам братэрства, які б гэта быў дар для Касцёла!” – падвёў вынік свайго другога адвэнтавага казання папскі прапаведнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.