2014-12-12 13:38:43

Ватыканскі іерарх: каталіцка-праваслаўны альянс не можа быць ваяўнічым


RealAudioMP3 Пазітыўна ацэньвае адносіны Рымска-каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы кардынал Курт Кох. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю польскаму “Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву”, прызнаўся, што Маскоўскі Патрыярхат “хоча працаваць у цесным супрацоўніцтве з католікамі у культурна-этычнай сферы, у першую чаргу, у абароне хрысціянскіх этычных каштоўнасцяў у свеце”. “Вядома, на нашы цяперашнія адносіны ўплывае канфлікт ва Украіне”, - звярнуў увагу ватыканскі іерарах і ўдакладніў, што “Патрыярхат па-ранейшаму кіруе сур’ёзныя абвінавачванні ў адрас Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, што паўтараюцца даўно, якія, у прыватнасці, прыводзяць да немагчымасці сустрэчы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла са Святым Айцом Францішкам”.

Рэцэпт кардынала Коха для паляпшэння ўзаемных адносін – трэба размаўляць адно з адным не праз сродкі масавай інфармацыі, але асабіста. “Я спадзяюся, што Цэрквы ва Украіне менавіта гэта і робяць”, - сказаў ён. Іерарх прызнаўся, што з боку кіраўніка Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, архіепіскапа Святаслава Шаўчука, ён адчувае вялікае жаданне і гатоўнасць удзельнічаць у асабістых гутарках з Маскоўскім Патрыярхатам па існуючых праблемах. “У кожным выпадку, так трэба рабіць. Было б вялікай стратай для Цэркваў ва Украіне, калі б знешні канфлікт пераносіўся на ўнутрыкасцёльную плоскасць”, - сказаў старшыня Папскай рады.

Кардынал адказаў на прапанову Рускай Праваслаўнай Царквы адносна стварэння праваслаўна-каталіцкага альянсу ў абліччы пагрозы ваяўнічага атэізму і рэлятывізму. На яго думку, прапанова Мітрапаліта Іларыёна, кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў, гучыць “занадта ваяўнічым тонам”. “Тое, што ў гэтай ідэі здаровае, і што я падзяляю, гэта супольнае сведчанне прыгажосці веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе і ў свеце. Тым не менш, мы павінны рабіць гэта не ваяўнічым чынам, але праўдзіва”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Ён удакладніў, што каталіцка-праваслаўны саюз не можа быць накіраваны супраць пратэстантаў. Наадварот, трэба таксама і іх запрасіць да ўдзелу ў ім. Гэта павінен быць агульны шлях і сведчанне католікаў, праваслаўных і лютэран, лічыць кардынал Кох.







All the contents on this site are copyrighted ©.