2014-12-11 15:05:20

У Ватыкане абвясцілі кансісторый па ўзвядзенні новых кардыналаў


RealAudioMP3 11 снежня 2014 г. у Ватыкане завяршылася трохдзённае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і распрацоўцы праекту рэформы Рымскай курыі. Падчас яго быў абмеркаваны шэраг пытанняў адносна будучыні ватыканскіх дыкастэрыі, фінансавага стану структур Апостальскай Сталіцы і бліжэйшых падзей у жыцці Касцёла. Галоўнай тэмай пасяджэння была рэформа Рымскай курыі, паінфармаваў кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Кардыналы пазнаёміліся з заўвагамі і каментарамі кіраўнікоў ватыканскіх дыкастэрый на гэту тэму. Гаворка ішла галоўным чынам пра рэарганізацыю Папскіх радаў вакол двух галоўных тэм: свецкіх і сям’і з аднаго боку, і справядлівасці, міру і дабрачыннасці з іншага. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што ніякіх “фармальных рашэнняў” не прымалася.

Члены Рады кардыналаў таксама пазнаёміліся з сітуацыяй адносна Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Былі вызначаны чарговыя кандыдаты на членства ў гэтай структуры, з мэтай канчатковага фарміравання яе складу да пачатку лютага 2015 г.

Кардыналы пазнаёміліся з парадамі і прапановамі прафесара Джозэфа Дзары, віцэ-каардынатара Рады па эканамічных пытаннях, адносна далейшай працы эканамічных і фінансавых структур Апостальскай Сталіцы.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца 9-11 лютага 2015 г. У сваю чаргу, 12-13 лютага прадугледжана скліканне кансісторыя, падчас якога члены Рады пазнаёмяць Калегію кардыналаў з плёнамі сваёй дзейнасці і праектамі рэформы структур Рымскай курыі.

Кс. Ламбардзі паінфармаваў, што 14-15 лютага 2015 г. пройдзе кансісторый па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць некаторых іерархаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.