2014-12-11 11:13:59

Святы Айцец сустрэўся з дырэктарам Міжнароднага валютнага фонду


RealAudioMP3 Папа Францішак 10 снежня 2014 г. прыняў на аўдыенцыі кіраўнічага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду Крысціну Лагард. Зала Друку Святога Пасаду не паведаміла пра змест размовы. Трэба адзначыць, што ўжо на працягу некаторага часу Папа заяўляе аб неабходнасці карэнных рэформ на крэдытным рынку. У красавіку 2014 г. ён паддаў крытыцы практыку крэдытавання пацярпелых ад крызісу краін, што з’яўляецца адной з задач Міжнароднага валютнага фонду. Святы Айцец тады адзначыў, што такія крэдыты часта звязаны з далёка прасунутымі палітычнымі абавязальніцтвамі. Калі ўрады патрабуюць фінансаў, часта ім даводзіцца чуць: “Калі ты хочаш гэтай дапамогі, то табе трэба думаць такім і такім чынам і стварыць такія і такія законы”, - сказаў Пантыфік падчас адной з ранішніх св. Імшаў.

У сваю чаргу, у маі 2014 г. падчас канферэнцыі пад назвай “Інклюзіўны капіталізм”, якая прайшла ў Лондане, Лагард цытавала выказванне Святога Айца з яго акаўнту ў “Твітэры”. Ён напісаў 28 красавіка 2014 г., што “няроўнасць з’яўляецца коранем сацыяльнай несправядлівасці”. Дырэктар Міжнароднага валютнага фонду выкарыстала тэрміналогію каталіцкага сацыяльнага навучання і заявіла, што “прынцыпы салідарнасці і ўзаемадапамогі, якія звязваюць супольнасці, больш успрымальныя да разбурэння ў грамадствах з высокай няроўнасцю”.

“Гісторыя вучыць нас, што дэмакратыя пачынае расслойвацца на канцах, калі палітычная барацьба раздзяляе тых, хто валодае, ад тых, хто не мае”, - сказала Лагард, якая з’яўляецца ганаровым доктарам каталіцкага універсітэта ў бельгійскім Лёвэн. Яна падкрэсліла, што 85% самых багатых людзей свету, якія маглі б змясціцца ў адным двухпавярховым лонданскім аўтобусе, кантралюе столькі багацця, колькі ўся бедная частка чалавецтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.