2014-12-11 12:48:51

Пантыфік параўнаў блізкасць Бога з пяшчотай маці


RealAudioMP3 Блізкасць Бога да людзей можна параўнаць з пяшчотай маці, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 11 снежня 2014 г. Ён нагадаў, што Пан любіць абсалютна бескарысліва, і заклікаў быць адкрытымі на гэту любоў. Тут, аднак, важна не пераўтвараць ласку любові Божай у тавар: не хваліцца перад сабой, маўляў, “маю шмат ласкі”, “маю чыстую душу”, “буду рабіць так, бо гэта прынясе мне ласку”. Спакусе такога мыслення, паводле Францішка, падвяргаюцца многія вернікі. Ласкай Бога з’яўляецца Яго блізкасць і пяшчота. Калі ў адносінах з Панам не адчуваеш, што Бог цябе любіць з пяшчотай – гэта значыць табе не хапае чагосьці, значыць яшчэ не зразумеў, што такое ласка, яшчэ не атрымаў яе, сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што св. Павел асуджаў так званую “духоўнасць закона”, паводле якой можна лічыць сябе справядлівым, выконваючы тыя ці іншыя прадпісанні. На думку Святога Айца, у першую чаргу, важная блізкасць з Хрыстом, прыняцце Яго пяшчоты і любові. Пантыфік заклікаў вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты, з адвагай адкрываць сэрцы на пяшчоту Бога, каб стаць па-сапраўднаму духоўна свабоднымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.