2014-12-09 13:43:30

Францішак: свет без ядзернай зброі магчымы


RealAudioMP3 Ядзернае стрымліванне і пагроза ўзаемнага знішчэння не могуць быць падставай этыкі братэрства і мірнага суіснавання народаў і нацый, напісаў Святы Айцец у звароце да ўдзельнікаў Канферэнцыі па гуманітарных наступствах прымянення ядзернай зброі, якая пачалася 8 снежня 2014 г. у Вене. У ёй удзельнічаюць 800 дэлегатаў з больш чым 150 краін. “Я перакананы, што імкненне да міру, якое глыбока ўкаранілася ў чалавечым сэрцы, прыносіць плён у канкрэтных спосабах гарантавання, што ядзерная зброя будзе забаронена назаўжды на карысць нашага агульнага дома”, - адзначыў Папа. Ён лічыць, што “свет без ядзернай зброі магчымы”.

Святы Пасад заўсёды выступаў супраць выкарыстання, валодання і распрацоўкі ядзернай зброі, аб чым сведчыць, напрыклад, энцыкліка св. Яна XXIII “Pacem in terris”. Тым не менш, падчас халоднай вайны ў 80-х гадах ХХ ст. прымаў выкарыстанне ядзернага стрымлівання у якасці ўмовы, каб пазбегнуць горшых наступстваў, але не як каштоўнасць саму па сабе. Распаўсюджанасць гэтага віду зброі ў шматпалярным свеце, разам з пагрозай крадзяжу ядзерных матэрыялаў тэрарыстамі, зрабіла яго больш небяспечным, чым калі-небудзь. І таму Апостальская Сталіца вярнулася да прынцыпу, што ўладанне ядзернай зброяй з’яўляецца цалкам непрымальным.

У цяперашні час у свеце – каля 17 тыс. атамных бомб, што азначае 85-працэнтнае зніжэнне іх колькасці ў параўнанні з перыядам заканчэння халоднай вайны, калі іх колькасць складала 70 тыс. Аднак, як папярэджваюць эксперты, гэта скарачэнне стварыла “ілжывае пачуццё бяспекі” сярод людзей, якія прымаюць ядзерную пагрозу як нешта абстрактнае.







All the contents on this site are copyrighted ©.