2014-12-09 13:01:35

Папа: Касцёлу не дапаможа “ідэальная арганізацыя”, калі ён будзе сумным


RealAudioMP3 Касцёлу не дапаможа “ідэальная арганізацыя”, калі ён будзе сумным і зачыненым, калі не будзе Маці, лічыць папа Францішак. 9 снежня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане ён заклікаў вернікаў быць “радаснымі хрысціянамі” і несці свету “суцяшэнне і пяшчоту Езуса”. Парадокс палягае на тым, заўважыў Пантыфік, што сучасны чалавек “бяжыць ад Божага суцяшэння”, ён адчувае сябе “больш камфортна ў сваіх рэчах”, нават у сваіх няўдачах і грахах. Францішак заўважыў, што суцяшэнне Хрыста палягае на Яго ласцы і прабачэнні. Ён засяродзіўся на фрагменце Евангелля паводле св. Мацвея пра згубленую авечку і адзначыў, што радасць Касцёла палягае на пошуку братоў і сясцёр, якія знаходзяцца далёка Бога. “Там, дзе Касцёл з’яўляецца Маці, становіцца плённым”, - сказаў ён. “Калі Касцёл спыніцца на сабе, замкнецца на сабе, хоць можа быць добра арганізаваным, дасканала арганізаваным – усё добра і чыста, – калі яму не будзе хапаць радасці, святкавання, спакою, ён стане Касцёлам роспачы, неспакою, суму; Касцёлам, які з’яўляецца больш старой паннай, чым маці; Касцёлам, які не служыць, Касцёлам, які ператварыўся ў музей”, - падкрэсліў Францішак.

Папа звярнуўся з малітвай да Бога, каб Ён даў ласку кожнаму верніку быць “радасным хрысціянінам у плённасці Маці-Касцёла”, каб захаваў ад падзення ў тугу, трывогу, роспач, неспакой.







All the contents on this site are copyrighted ©.