2014-12-09 16:30:12

Кіраўнік беларускіх грэка-католікаў пра біскупа Сіповіча і кананізацыю Скарыны


RealAudioMP3 У Рыме завяршыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. Яны праходзілі ў царкве пры Папскім калегіўме “Russicum” і ў генеральным доме айцоў Марыянаў. Спецыяльна для ўдзелу ў іх у Вечны горад з Беларусі прыбылі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для Грэка-католікаў Беларусі айцец архімандрыт Сяргей Гаек. Мы сустрэліся з кіраўніком беларускіх грэка-католікаў у студыі Ватыканскага радыё і паразмаўлялі пра постаць біскупа Сіповіча і перспектывы адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Ойча Сяргей, распавядзіце калі ласка пра святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. Чаму гэтыя ўрачыстасці маюць такое вялікае значэнне для сённяшніх беларускіх католікаў?

Хачу нагадаць, што ўвесь гэты год прайшоў пад знакам юбілею 100-годдзя іерарха. У жніўні адбыліся ўрачыстасці на яго радзіме – у Друі. На іх прысутнічалі: Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і грэка-каталіцкі іерарх са Славакіі, епіскап Мілан. Уладыку Сіповіча таксама ўспаміналі ў Празе, Антверпене і Лондане. І зараз у дзень яго нараджэння – 8 снежня, – было святкаванне ў Рыме. На самой справе – гэта былі два дні. У нядзелю 7 снежня прайшла святочная літургія ў царкве пры Папскім калегіўме “Russicum”, якую узначаліў арцыбіскуп Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. На яе сабралася беларская супольнасць Рыма. 8 снежня прайшлі ўрачыстыя Нешпары ў генеральным доме айцоў марыянаў, якія ўзначаліў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Гэтыя два дні дапамаглі нам нанова сустрэцца з постаццю і спадчынай біскупа Чэслава.

Лейтматывам гэтых урачыстасцяў была адна назва Друя. З гэтым месцам звязана гісторыя жыцця біскупа Сіповіча. Зараз гэта невялікае мястэчка, не самае важнае з геапалітычнага і рэлігійнага пунктаў гледжання. Але гэта назва гучыць сёння. Чым важная Друя для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Адтуль вырастаюць карані беларускай традыцыі мясцовага Касцёла. Каталіцкі касцёл і Грэка-каталіцкая Царква не нарадзіліся ўчора. Яны маюць сваю багатую традыцыю. Асабліва ў 20-я гады ХХ ст., калі ў Друі быў адноўлены кляштар марыянаў, прычым беларускіх марыянаў, там пачалася праца не толькі над малітвай па-беларуску, але і над беларускай культурай. З Друяй былі звязаны вялікія постаці: і архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, і архімандрыта Андрэя Цікоты, і іераманаха Язэпа Германовіча. Іх справа тады пачала ўзрастаць і пашырацца па ўсёй Беларусі. Нават сёння мы сустракаем людзей, якія некалі ў міжваенны час спаткаліся з кімсьці з друйскіх марыянаў, і не толькі марыянаў, бо туды прыяжджалі іншыя беларускія святары.

Вялікая спадчына! Мы гэту спадчыну не асэнсавалі да канца, магчыма нават па нейкіх геапалітычных прычынах. Але яе спасціганне з’яўляецца нашым абавязкам. І дзякуй Богу, Біскуп Віцебскі бачыць каштоўнасць гэтага. А зараз, пасля таго як марыяне, на жаль, адышлі з Друі, новы пробашч, кс. Сяргей Сурыновіч, пачаў вельмі салідную працу па тым, што можна назваць дыялогам веры і культуры.

Ойча Сяргей, ячшэ адна вельмі знакавая, фундаментальная постаць для беларускай культуры, імя якой апошнім часам прагучала ў кантэксце Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі гэта Францішак Скарына, наш першадрукар. Зявілася інфармацыя аб грамадскай ініцыятыве, якая мае на мэце распачаць працэс кананізацыі гэтай асобы. І прадстаўнікі гэтай грамадскай ініцыятывы звярнуліся да Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, каб яна нейкім чынам паспрыяла гэтаму. Наколькі гэта ўсё магчыма?

Мы ўсе чакаем 500-годдзя юбілею выдання Францішкам Скарынай першай беларускай Бібліі. У нашай Царкве ўжо 10 гадоў таму пачалося абмеркаванне гэтай тэматыкі. Прычым гэта адбывалася не толькі ў грэка-католікаў. Ёсць пэўныя колы, якія пачынаюць нанова асэнсоўваць каштоўнасці справы Скарыны. Менш, на жаль, вывучана біяграфія першадрукара. Ёсць шмат невядомых момантаў, не да канца вывучаных. І таму, калі нарадзіўся гэты грамадскі камітэт, а там ёсць сур’ёзныя гісторыкі, у нас паўстала спадзяванне на іх вельмі салідную працу, заснаваную на крыніцах. Яны ведаюць пра нашу духоўную сімпатыю да асобы Францішка Скарыны і свядомасць каштоўнасці гэтай асобы для ўсёй Беларусі. Таму камітэт і заявіў пра свае спадзяванні адносна падтрымкі з боку Грэка-каталіцкай Царквы.

Мы са свайго боку чакаем на іх салідную працу над біяграфіяй і вывучэннем некаторых момантаў, таму што гэты чалавек патрабуе таго, каб сцвердзілі, што ён быў глыбокаверуючым. І гэта ў дадзеным кантэксце самае важнае. Пытанне кананізацыі – гэта зусім іншая гіаторыя. І тут грамадскі камітэт не да канца кампетэнтны, хоць можа маліцца ў інтэнцыі кананізацыі. Але гэта справа Царквы і кананічнага працэсу, прычым вельмі складанага, і сёння занадта рана казаць, наколькі жыццё і справы Скарыны дазваляюць наогул распачаць гэты кананічны працэс. Таму мы зараз знаходзімся на этапе асэнсавання яго біяграфіі, і тут ёсць пэўныя пытанні, на якія мы пакуль што не ведаем як адказаць.

Дзякуй за размову!

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.