2014-12-08 15:22:31

Святы Айцец даў вялікае інтэрв’ю аргентынскай “La Nacion”


RealAudioMP3 Папа Францішак даў вялікае інтэрв’ю аргентынскай штодзённай газеце “La Nacion”, у якім адказаў на шэраг пытанняў адносна апошніх падзей у Касцёле і сваім асабістым жыцці. Кажучы пра Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку 2014 г., Пантыфік падкрэсліў, што гэта асамблея не з’яўляецца “парламентам”, але “прасторай, якую бароніць Святы Дух”. Таму, паводле Пантыфіка, памылкова лічыць, што яго ўдзельнікі былі падзелены на два супрацьстаячых лагеры: для сінадальных айцоў было важна “выказвацца ясна і слухаць з пакорай”. Папа нагадаў, “што ніводзін з пунктаў навучання Касцёла аб сужэнстве не быў закрануты”. Адносна разведзеных асобаў, якія ўступілі ў паўторны несакрамэнтальны саюз, ўздымаліся шматлікія пытанні душпастырскага характару. Але, паводле Францішка, “толькі дапушчэнне такіх людзей да Святой Камуніі не з’яўляецца рашэннем: сапраўдным рашэннем з’яўляецца іх інтэграцыя”. “Гэта праўда, што яны не адлучаны ад Касцёла – але яны не могуць быць хроснымі, не могуць чытаць з амбона літургічныя чытанні падчас св. Імшы, не могуць раздаваць Святую Камунію, не могуць выкладаць катэхізіс”: таму “здаецца, што на самой справе яны адлучаны”. Балючасць такой сітуацыі асабліва відавочна, бо хросным, напрыклад, можа быць “карумпаваны палітык”, толькі таму, што жыве ў касцёльным шлюбе. Таму, паводле Папы, “некаторыя рэчы і нарматыўныя каштоўнасці” патрабуюць перамен.

Гаворачы пра рэформу Рымскай курыі Францішак падкрэсліў, што яму больш важнай з’яўляецца “духоўная рэформа сэрцаў”, пра што ён будзе казаць падчас сустрэчы з ватыканскімі іерархамі, служачымі і членамі іх сем’яў, напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Каментуючы стан уласнага здароўя, Пантыфік прызнаўся: “Я маю некаторыя недамаганні, якія адчуваюцца ў маім узросце, але я ў руках Пана і да гэтага часу магу трымаць больш-менш добры рытм працы”. Папа распавёў, што магчыма наведае Аргентыну ў 2016 г., а ў 2015 г. запланаваны яго падарожжы ў тры краіны Лацінскай Амерыкі і ў Афрыку.








All the contents on this site are copyrighted ©.