2014-12-08 14:52:03

Пантыфік: мы пакліканы быць святымі і беззаганнымі (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Збаўленне даецца бескарысліва. Мы атрымалі гэту бескарыслівасць, гэту ласку Божую і павінны падзяліцца ёй”, сказаў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 8 снежня 2014 г. Пантыфік заклікаў вернікаў на падабенства Маці Божай адкрывацца на дзейнасць Святога Духа і станавіцца сапраўднымі дарамі для іншых людзей. “Пасланне сённяшняй урачыстасці Беззаганнага Зачацця Панны Марыі можна абагульніць такімі словамі: усё з’яўляецца бескарыслівым дарам Бога і Яго любові да нас, – падкрэсліў Папа. – Анёл Габрыэль назваў Марыю “поўнай ласкі” (Лк 1,28): у ёй няма месца граху, таму што Бог спрадвеку выбраў яе маці Езуса і захаваў ад першароднай віны. Марыя адказала на ласку і даверылася ёй, кажучы анёлу: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (38). Яна не сказала: “Я зраблю паводле твайго слова”, але “няхай мне станецца”. І Слова сталася Целам у яе ўлонні. Таксама і ад нас запатрабавана слухаць Бога, які прамаўляе і прымаць Яго волю; паводле евангельскай логікі няма нічога больш дзейснага і плённага чым слуханне і прыняцце слова Пана, якое паходзіць з Евангелля, Бібліі. Пан прамаўляе да нас заўсёды!

Паводзіны Марыі з Назарэту паказваюць нам, што “быць” важней чым “рабіць”, і што неабходна “дазволіць рабіць” Богу, каб “быць” па-сапраўднаму паводле Яго жадання. І Ён чыніць у нас шматлікія цуды. Марыя – адкрытая, але не пасіўная. Як на фізічным узроўні, яна атрымала сілу Святога Духа, але затым падарыла цела і кроў Сыну Божаму, які фармаўваўся ў ёй, так на духоўным узроўні, яна прыняла ласку і адказала на яе з верай. Таму св. Аўгустын сцвярджаў, што Панна “зачала ў сэрцы перш чым ва ўлоніі” (Прамовы, 215, 4). Яна напачатку зачала веру, а потым Пана. Гэта таямніца прыняцця ласкі – якая ў Марыі дзякуючы выключнаму прывілею, была без перашкоды граху – з’яўляецца магчымасцю для ўсіх. Св. Павел, пачынаў сваё Пасланне да Эфесцаў такімі словамі праслаўлення: “Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах” (1,3). Як Марыя падчас прывітання св. Альжбетай, была названа “благаслаўлёнай між жанчынамі” (Лк 1,42), таксама і мы былі спрадвеку “благаслаўлёнымі”, гэта значыць умілаванымі, і таму “выбранымі перад стварэннем свету, каб быць святымі і беззаганнымі” (Эф 1,4). Марыя была захаванай, а мы збаўленымі дзякуючы хросту і веры. Усё гэта аднак адбылося, як з ёй так і з намі, праз Хрыста, “дзеля хвалы Яго праслаўленай ласкі” (6), той ласкі, якой Беззаганная была цалкам напоўнена.

Перад абліччам любові, перад абліччам міласэрнасці, Божай ласкі захаванай у нашых сэрцах, на нас накладаецца толькі адно наступства: бескарыслівасць. Ніхто з нас не можа купіць збаўленне! Збаўленне – гэта бескарыслівы дар Пана, бескарыслівы дар Бога, які прыходзіць да нас і селіцца ў нас. Атрымаўшы бескарысліва, мы пакліканы бескарысліва даваць (пар. Мц 10,8); на падабенства Марыі, якая адразу пасля прыняцця навіны ад Анёла, пабегла дзяліцца дарам плённасці са сваёй сваячкай Альжбетай. Таму, калі нам усё было падаравана – мы усё павінны таксама падарыць. Якім чынам? Дазваляючы, каб Святы Дух зрабіў з нас дар для іншых. Дух, гэта дар для нас, і мы праз сілу Духа павінны быць дарам для іншых. Ён дапамагае нам стаць прыладамі гасціннасці, прымірэння і прабачэння. Калі наша жыццё адкрыецца на перамену праз ласку Пана – таму што ласка Пана перамяняе – мы не зможам трымаць для сябе святло, што паходзіць ад Яго аблічча, але дазволім яму выйсці і асвяціць абліччы іншых. Будзем вучыцца ад Марыі, якая пастаянна трымала позірк на сваім Сыне і аблічча якой стала “найбольш падобным на Хрыстовае” (Дантэ, Неба, ХХХІІ, 87). Да яе звернемся зараз з малітвай, якая нагадвае пра абвяшчэнне Анёла.

Пасля малітвы Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў, пажадаў вернікам добрага свята і добрага працягу Адвэнту, пад кіраўніцтвам Панны Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.