Служба папскіх літургічных цэлебрацый апублікавала план мерапрыемстваў з удзелам Францішка
На працягу бліжэйшых
двух месяцаў папу Францішка чакае насычаны графік. 8 снежня 2014 г., ва ўрачыстасць
Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт
на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай. 12 снежня
ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі, якую будзе цэлебраваць
ў базыліцы св. Пятра з нагоды свята Маці Божай Гвадэлупскай. У літургіі, якую будуць
упрыгожваць творы знакамітай “Крэольскай Імшы” аргентынскага кампазітара Арыэля Рамірэса,
прымуць удзел шматлікія іерархі з лацінаамерыканскага рэгіёна, паведамілі ў Службе
папскіх літургічных цэлебрацый.
У Трэцюю нядзелю Адвэнту, 14 снежня, Пантыфік
наведае рымскую парафію св. Юзафа у раёне Аўрэліа, на захадзе гораду. Вігілійная св.
Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны
дзень, у 12.00, Францішак па традыцыі ўдзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi”
(Гораду і свету) і звернецца са сваім пасланнем.
Вечарам 31 снежня Папа ўзначаліць
святочнае набажэнства на заканчэнне года. Пантыфік будзе целебраваць св. Імшы 1 студзеня
2015 г, у Сусветны дзень міру, 6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, і 11 студзеня,
ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле.
Падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.
12-19 студзеня 2015
г. адбудзецца апостальскае падарожжа Святога Айца ў Шры-Ланку і на Філіпіны, а 25
студзеня ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі ён узначаліць малітву Нешпараў з нагоды
ўрачыстасці навяртання Апостала Народаў.