2014-12-06 15:38:32

Пантыфік: усе рэлігійныя лідэры павінны асудзіць насілле ў Іраку


RealAudioMP3 Папа Францішак запэўніў хрысціян і ўсіх жыхароў Ірака ў сваёй блізкасці і малітве. Відэапасланне Святога Айца было скіравана ў сувязі з двухдзённым візітам у гэту краіну арцыбіскупа Ліёна кардынала Філіпа Барбарэна і групы французскіх валанцёраў. Пурпурат ужо другі раз наведвае Ірак за апошні год, каб запэўніць мясцовых вернікаў у салідарнасці Паўсюднага Касцёла і пракантраляваць арганізацыю гуманітарнай дапамогі ахвярам насілля ў краіне. “Здаецца, што тут не жадаюць бачыць хрысціян, але вы давайце сведчанне Хрыста”, - заклікаў у сваім пасланні Папа. Ён адзначыў, што памятае пра раны і боль усіх пакутуючых ад пераследу і насілля: маці з іх дзецьмі, пажылых людзей, асоб, якія апынуліся без даху над галавой, і многіх іншых. Францішак чарговы раз паўтарыў, што прычынай пакутаў цэлых рэлігійных супольнасцяў з’яўлецца дзейнасць толькі адной экстрэмісцкай і фундаменталісцкай групы. “Хрысціяне і язіды былі сілай выгнаны са сваіх дамоў, павінны былі пакінуць усё, каб захаваць уласнае жыццё і не адмаўляцца ад веры. Насілле закранула таксама сакральныя будынкі, помнікі, рэлігійныя сімвалы і аб’екты культурнай спадчыны, жадаючы знішчыць нібыта любыя сляды, любы напамін аб іншым. Будучы рэлігійнымі лідэрамі, мы маем абавязак асудзіць усе парушэнні годнасці і правоў чалавека!”, - сказаў Папа ў сваім відэапасланні.

Пантыфік падзякаваў блізкаўсходнім хрысціянам за іх сведчанне і запэўніў у сваёй малітве аб дарах сілы і вытрываласці. Ён зноў звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай дапамагчы ў спыненні канфліктаў у рэгіёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.