Першае адвэнтавае казанне айца Канталамесы: спакой як дар Бога ў Езусе
Калі б сёння можна
было пачуць шчыры крык мільярдаў сэрцаў, то мы пачулі б на розных мовах адно слова:
спакой! Балючая актуальнасць праблемы спакою ў свеце разам з неабходнасцю вярнуць
гэтаму слову багацце значэння, якое яму надаецца ў Бібліі, падштурхнула прапаведніка
Папскага дому айца Раньера Канталамесу абраць спакой тэмай свайго першага адвэнтавага
казання. Айцец Канталамеса памятае той дзень, калі скончылася Другая сусветная вайна.
Крыкі: “Перамір’е! Мір!” Гэта быў канец кашмару, страху, бамбардаванняў, голаду. Штосьці
падобнае павінны былі адчуваць людзі, якія пачулі словы св. Паўла: “Апраўданыя паводле
веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога, дзякуючы веры,
мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую.”
(Рым. 5, 1-2). Для чалавецтва пачалася новая эра ў адносінах з Богам.
Што ж
адбылося, што так змяніла адносіны паміж чалавекам і Богам? Банальны, але зразумелы
прыклад – спадарожнікавы навігатар у аўтамабілі. Калі кіроўца не прытрымліваецца ўказанняў
навігатара, напрыклад, зварочвае не ў той бок, навігатар выдае новы маршрут, які дазваляе
кіроўцу дасягнуць жаданага месца прызначэння. Гэтак жа зрабіў з чалавекам і Бог, даўшы
яму новы план збаўлення. Спачатку Ён заключыў “сепаратны мір” з асобнымі людзьмі:
Ноем, Аўраамам, Якавам; потым, праз Майсея з усім Ізраілем. Але Ён – Бог усяго чалавечага
роду, і вось прарокі пачынаюць казаць пра “новы і вечны запавет” для ўсіх людзей.
Вешчуны аб’яўляюць нараджэнне Езуса словамі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой
людзям добрай волі”. (Лук, 2, 14). Сам Езус сцвярджае што прыйшоў на зямлю, каб прынесці
людзям спакой Боскі: шалом! Гэты спакой дае нам апраўданне паводле веры, а апраўданне
даецца нам дзякуючы ахвяры Хрыста на крыжы.
Крыніцай спакою з’яўляецца Тройца.
Амаль усе політэістычныя рэлігіі кажуць пра суперніцтва багоў. Грэцкая міфалогія –
самы знакаміты прыклад. У абсалютным монатэізме таксама цяжка казаць пра Бога як крыніцу
і мадэль спакою. Спакой, як і любоў, можа існаваць толькі паміж дзвюма асобамі. Гэта
прыгожыя адносіны, адносіны любові, і Троіца – якраз такія адносіны прыгажосці, хараства
і дасканаласці. Гледзячы на абраз Тройцы Андрэя Рублёва мы адчуваем звышчалавечы спакой,
які зыходзіць ад яе.
Гэты дар спакою павінен змяніць нашы адносіны з Богам.
Айцец Канталамеса лічыць адной з прычын аддалення сучаснага чалавека ад веры, няправільнае
ўяўленне пра Бога, якое склалася ў людзей. Як выява Бога ў Сікстынскай капэле была
ачышчана ад налёту падчас рэстаўрацыі, так і нашаму ўяўленню пра Бога патрэбна тэрміновая
рэстаўрацыя. Падсвядома Бог атаясамліваецца ў нас з чымсьці непрыемным, сумным, чымсьці,
што абмяжоўвае нашу свабоду і развіццё. Гэткая найвышэйшая усёмагутная істота, уладар
часу і гісторыі, ад якога не схаваецца ніводная дэталь чалавечага жыцця. Парушэнне
яго закона выклікае ў чалавеку страх смерці і Апошняга суда. Але Евангелле вучыць
нас па-новаму глядзець на Бога: як на Бога любові, міласэрнасці і спачування, сказаў
5 снежня 2014 г. у Ватыкане айцец Канталамеса.