Ватыканскія фінансы значна больш “здаровыя”, чым здавалася на першы погляд
Фінансавая сітуацыя
Ватыкана і Святога Пасада не настолькі складаная, як уяўлялася раней, захоўваецца
поўная плацежаздольнасць, дзякуючы “істотным актывам і інвестыцыям”, паведаміў кардынал
Джордж Пэл, прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях. “Мы выявілі некалькі сотняў
мільёнаў еўра, не ўключаных у баланс ватыканскіх фінансаў”, - прызнаўся іерарх у артыкуле,
апублікаваным у брытанскім часопісе “Catholic Herald”. Па яго словах, фінансы Апостальскай
Сталіцы значна больш “здаровыя”, чым здавалася на першы погляд.
Трэба нагадаць,
што апошні агульны баланс Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан з 2013 г. паказаў плюс
у 10 мільёнаў еўра.
Кардынал выказаў здагадку, што на працягу стагоддзяў нядобрасумленныя
асобы выкарыстоўвалі фінансавую наіўнасць і працэдуры Ватыканы, заснаваныя на даверы.
Цяпер, аднак, новая структура і метад арганізацыі ўводзяць ватыканскія фінансы ў ХХІ
стагоддзе, што звязана з іх адкрытасцю і поўнай справаздачнасцю. Касцёл бедных не
павінен быць “бедна” кіраваны, лічыць прэфект.
Ён адзначыў важную ролю свецкіх
спецыялістаў у рэформе фінансавай сістэмы Ватыкана і прызнаўся, што ў 2015 г. будзе
прызначаны генеральны аўдытар, якім будзе свецкая асоба. Ён будзе падлягаць непасрэдна
Пантыфіку і зможа ў любы час здзяйсняць аўдыт кожнай установы Святога Пасаду.
Новы
пакет фінансавых і бухгалтарскіх працэдур, уведзены ў лістападзе гэтага года ў Ватыкане,
можа стаць прыкладам для выкарыстання ва ўсім Касцёле, перакананы кардынал Пэл.