Ватыканскі дыпламат у ААН: сям’я – здабытак усяго чалавецтва
4 снежня 2014 г. Прадстаўнік
Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у Пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі,
прысвечаным 20-й гадавіне Міжнароднага года сям’і. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выказаў
спадзяванне, што форум будзе садзейнічаць прызнанню ролі сям’і падчас распрацоўкі
і ажыццяўлення Мэтаў устойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 г. Іерарх адзначыў,
што сям’я – гэта найважнейшы “нематэрыяльны набытак” грамадства і дзяржавы. Яе ўклад
у дзяржаўнае і грамадскае жыццё не паддаецца грашоваму вымярэнню. Сям’я будзе заўсёды
мець важнейшае значэнне ў прадухіленні канфліктаў, будаванні міру, развіцці сельскай
гаспадаркі, прафілактыцы злачыннасці, ахове навакольнага асяроддзя, дасягненні харчовай
бяспекі, выкараненні беднасці і ахове здароўя грамадства. Арцыбіскуп Ауса нагадаў,
што моцная і адказная сям’я спрыяе росту і развіццю новых пакаленняў, клапоціцца пра
слабых членаў грамадства: хворых, пажылых і маргіналізаваных. Па словах папы Францішка,
сям’я – гэта фундаментальны слоўп грамадства, “падмурак суіснавання і гарантыя абароны
ад сацыяльнай фрагментацыі”.
На жаль, заўважыў прадстаўнік Ватыкана пры ААН
, “сем’і рэдка знаходзяцца ў цэнтры ўвагі асноўных стратэгічных ініцыятыў. Сацыяльная
палітыка скарэй накіравана на дапамогу асобным жанчынам і дзецям, чым усёй сям'і ў
цэлым”. На тое маюцца адпаведныя прычыны, аднак комплексны падыход да праблемаў сям’і
мог бы даць вялікія вынікі і ў змаганні з насіллем адносна жанчын і дзяўчынак, з іх
дыскрымінацыяй, а таксама ў абароне і пашырэнні правоў жанчын і дзяцей. Даследаванні
паказваюць, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса, што ў стабільных сем’ях адзначаецца больш
нізкі ўзровень хатняга насілля, псіхічных захворванняў і алкагалізму. Дзеці, якія
растуць у такіх сем’ях, меньш схільныя да алкагалізму, наркаманіі і псіхічных захворванняў,
маюць ніжэйшы ўзровень злачыннасці і больш высокую паспяховасць.
Распад сем’яў
у многіх выпадках прыводзіць да фемінізацыі беднаты і запавольвае развіццё дзяцей.
“Сям’я – гэта незаменны, натуральны і антрапалагічны здабытак чалавецтва”, - перакананы
пурпурат. Ён заклікаў усе міжнародныя і дзяржаўныя інстытуты, а таксама грамадзянскі
сектар рэалізоўваць палітыку, накіраваную на падтрымку і пашырэнне магчымасцяў сям’і.