2014-12-04 11:47:53

Святы Пасад у ААН: прыярытэт – беднасць, голад і патрэбы найменш развітых краін


RealAudioMP3 Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН звярнуўся да ўдзельнікаў кансультацый, якія праходзілі 3 снежня 2014 г. у Нью-Ёрку ў рамках 69-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падтрымаў міжурадавы спосаб правядзення перамоў па выніках Парадку дня ў вобласці развіцця на перыяд пасля 2015 года. Па словах іерарха, неабходна і далей выкарыстоўваць прынцыпы адкрытасці і празрыстасці ў распрацоўцы Мэтаў устойлівага развіцця. ААН з’яўляецца ўнікальным форумам, які дазваляе пачуць галасы ўсіх: найбольш развітых і найменш развітых краін, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара, а таксама арганізацый, якія ахоўваюць інтарэсы слабых і маргіналізаваных. У той жа час, прадстаўнік Святога Пасада лічыць, што працэс распрацоўкі Парадку дня на перыяд пасля 2015 г. павінен заставацца міжурадавым. На яго думку, менавіта ўрадавыя дэлегацыі павінны дасягнуць кансенсусу, дзеля таго каб Парадак дня прывеў да рэальных зменаў.

Арцыбіскуп Ауса дадаў, што ўсе Мэты ўстойлівага развіцця павінны мець канкрэтныя, дакладныя і надзейныя індыкатары, якія дазволяць весці маніторынг прагрэсу ў іх дасягненні. А менавіта маніторынг беднасці, голаду і харчовых патрэб найменш развітых краін і катэгорый насельніцтва павінен быць прыярытэтам. Дыпламат падкрэсліў, што палепшыць жыццё шматлікіх братоў і сясцёр, якія жывуць у непрымальных умовах – наш маральны абавязак. Папа Францішак таксама казаў пра гэта ў сваім нядаўнім звароце да ФАО.

Іерарх адзначыў важнасць правядзення ў верасні 2015 г. саміту Кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, прысвечанага Парадку дня ў вобласці развіцця на перыяд пасля 2015 года, і запэўніў у актыўнай ролі Святога Пасаду ў яго арганізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.