2014-12-04 14:32:33

Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй хрысціянскіх валанцёраў


RealAudioMP3 4 снежня 2014 г. з нагоды Міжнароднага дня валанцёрскай службы папа Францішак прыняў дэлегацыю італьянскіх хрысціянскіх валанцёраў, аб’яднаных у федэрацыю, якая налічвае больш за 5 тыс. членаў і 36 тыс. прыхільнікаў. Святы Айцец падзякаваў італьянскім валанцёрам за бескарыслівае ажыццяўленне шматлікіх праектаў, накіраваных на рашэнне праблем голаду і войн у розных краінах свету. Паводле папы Францішка, быць салідарным з беднымі значыць думаць і дзейнічаць супольна з імі, а таксама змагацца з прычынамі беднасці: няроўнасцю, беспрацоўем, адсутнасцю жытла, парушэннем сацыяльных і працоўных правоў. Адной з асноўных прычын беднасці Пантыфік назваў эканамічную сістэму, якая абкрадае і знішчае прыроду. Папа ўдакладніў, што ён мае на ўвазе знішчэнне лясоў, экалагічныя катастрофы і страту біялагічнай разнастайнасці. Прырода – не наша ўласнасць, а дзіўны падарунак, дадзены нам Богам для таго, каб мы клапаціліся пра яго, карысталіся ім з павагай і перадалі будучым пакаленням, лічыць Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на дзейнасць хрысціянскіх валанцёраў у краінах, дзе ідуць войны. На яго думку, будуючы масты паміж культурамі і рэлігіямі, дапамагаючы ахвярам насілля, галодным дзецям, мігрантам і бежанцам, валанцёры спрыяюць міру ў гэтых краінах. На яго думку, неабходна супрацоўніцтва ўсіх бакоў – дзяржаўных устаноў, няўрадавых арганізацый і касцёльных супольнасцяў – для таго, каб спрыяць пабудове гарманічнага суіснавання розных народаў і культур. “Колькі людзей у свеце ратуецца ўцёкамі ад жахаў вайны! Колькі людзей пераследуецца па прычыне веры і змушана пакідаць свае дамы, храмы, зямлю, родных! Колькі зламаных жыццяў!” – засмучаны папа Францішак. Хрысціянін не павінен праходзіць міма гэтых пакут і разбурэнняў, лічыць Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.